Выйшаў літаратурны альманах “Новы Замак”

Выйшаў літаратурны альманах “Новы Замак”


Гарадзенскія літаратары з Саюза беларускіх пісьменнікаў падрыхтавалі і выдалі першы за многія гады літаратурны альманах за 2012 год. Туды ўвайшлі паэзія, проза, пераклады, а таксама крытыка і хроніка літаратурнага жыцця Гародні мінулага года. Укладальнік Сяргей Астравец кажа, што ідэя і канцэпцыя альманаха, які мае назву “Новы Замак”, нарадзіліся пад уплывам гэтага асяродка культуры – Каралеўскага Новага замка.

- Не было вядома наперад, што там будзе і што можна зрабіць. Матэрыялы пачыналі ісці, але не хапала менавіта канкрэтнай задумы, канцэптуальнай назвы. Калі ўсе матэрыялы былі сабраны, я пачаў іх збіваць разам. Тады і прыдумаў гэтую канцэпцыю: трэба ўзяць нейкую адметнасць нашага горада і ўвогуле Беларусі – гэта адзіны ў Беларусі Каралеўскі горад.

У альманаху змясцілі свае творы як знаныя майстры слова, так і невядомыя шырокаму колу чытачоў. Асобныя гарадзенскія паэты на старонках альманаха спрабуюць сябе ў прозе. Сярод 21 аўтара ёсць твор ужо адышоўшага Юрыя Гуменюка. Ужо неўзабаве пачнецца праца гарадзенскіх літаратараў над новым гарадзенскім альманахам за сёлетні год.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя