А. Бастунец: Каля 20 журналістаў у Акрэсціна чакаюць суда

А. Бастунец: Каля 20 журналістаў у Акрэсціна чакаюць суда


Каля 20 журналістаў затрымана і прыкладна столькі ж пацярпелі ад гвалтоўных дзеянняў міліцыі пры разгоне мітынга супраць фальсіфікацыі выбараў, які адбыўся ўвечары 19 снежня ў Мінску.

Толькі двое з затрыманых вызвалены, астатнія чакаюць суда, -- паведаміў Радыё Рацыя намеснік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

- Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла заяву, у якой выказала рашучы пратэст супраць ужывання сілы і перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў, запатрабавала правесці хуткае расследванне гэтага і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. З іншага боку мы звярнулі ўвагу і таксама выказалі пратэст супраць асвятлення вядучымі дзяржаўнымі электроннымі сродкамі масавай інфармацыі той грамадскай акцыі, якая адбылася ў Мінску 19 снежня.

Андрэй Бастунец падкрэсліў, што дзяржаўныя крыніцы інфармацыі дэзынфармуюць беларуская грамадства наконт мэтаў гэтага мерапрыемства, колькасці ўдзельнікаў і іх дзеянняў, а таксама жорсткасці, з якой дзейнічалі супрацоўнікі міліцыі падчас разгону мірнай акцыі.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя