|
|
Сяргей Рублеўскі - пераможца літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”
Сёння быў абвешчаны пераможца літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес», імя якога ў студыі Беларускага Радыё Рацыя назваў каардынатар Таварыства Вольных Літаратараў, якое ўручае гэтую прэмію, аўтар літаратурных праграмаў на нашым радыё Алесь Аркуш.
РР: Давайце спачатку назавём назвы тых 5 кніг, што ўвайшлі ў шорт-ліст «Глінянага Вялеса» сёлета. Гэта Эдуард Акулін «Малітва воч», Леанід Галубовіч «З гэтага свету», Сяргей Рублеўскі «Паспець надыхацца», Юрый Станкевіч «Шал» і Андрэй Федарэнка «Ланцуг». І ваша ганаровая місія – агучыць з гэтых 5 намінантаў імя пераможцы і чаму быў абраны менавіта яго твор.
Алесь Аркуш: Думаю, гэта будзе абсалютнай нечаканасцю. Лаўрэатам «Глінянага Вялеса» за 2012 год стаў Сяргей Рублеўскі і яго кніга «Паспець надыхацца». Гэта досыць вядомы, але недаацэнены празаік з Віцебска. Я даўно за ім сачу, маю большасць ягоных кніг. Кніга «Паспець надыхацца» з'яўляецца сёмай у бібліяграфіі пісьменніка і аказалася шчаслівай – атрымала прэмію.
РР: Вы сказалі, што недаацэнены. А чаму?
Алесь Аркуш: Зараз мы жывём у часе стэрэатыпаў і трэндаў. Цяпер, калі ідуць дыскусіі адносна кніжак, якія вылучаюцца на прэміі, фігуруюць проста імёны, трэнды. Гэта імёны, раскручаныя праз інтэрнэт, масмедыя. І часам людзі, якія выказваюцца і галасуюць, нават не чыталі гэтых пісьменнікаў. Сяргей Рублеўскі – рэгіянальны літаратар, нетрэндавы, але проза якога надзвычайна -, вельмі шчырая, традыцыйна беларуская ў добрым сэнсе гэтага слова.
РР: «Паспець надыхацца» - даволі цікавая назва твора. Пра што ён, якія асноўныя ідэі?
Алесь Аркуш: Гэтую кнігу можна далучыць да кніг прозы. Яна ўтрымлівае невялікія эсэ і мініяцюры. Гэтую кнігу можна параўнаць з дзённікавымі запісамі. Такі жанр надае асаблівую шчырасць кнізе Сяргея Рублеўскага. Па-першае, яна звязана з сапраўдным, рэальным жыццём. А па-другое, гэта шчырыя выказванні, цікавыя, небанальныя думкі, якія мяне асабліва захапляюць.
РР: Прэмія «Гліняны Вялес» пачалася ў 1993 годзе. Сёлета гэта ўжо 20-я прэмія. Ці рыхтуецца нешта адметнае да 20-годдзя?
Алесь Аркуш: Для Таварыства Вольных Літаратараў гэты год юбілейны. Гэта 20 гадоў ТВЛ, 20 гадоў часопісу «Калосьсе» і 20 гадоў літаратурнай прэміі. На працягу гэтага года адбываюцца розныя мерапрыемствы, выходзяць публікацыі. Зараз мы пачалі выстаўляць у інтэрнэт архіўныя відэа з розных мерапрыемстваў, канферэнцый, сустрэчаў з чытачамі.
Вядома, уручэнне прэміі мусіць адбыцца ў Полацку. Хаця, напрыклад, прэмію Някляеву мы ўручалі ў Менску, бо ён быў невыязны і не мог пакідаць Менск. Гэтым разам уручэнне пройдзе на радзіме "Вялеса" - ў Полацку, дакладна магу сказаць, што ўвесну. Мусім узгадніць дату з лаўрэатам. Гэта будзе ўрачыстая юбілейная імпрэза з досыць вялікай аўдыторыяй.
РР: Шчыра віншуем літаратара Сяргея Рублеўскага!
З Алесем Аркушам гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
1 сакавіка традыцыйна Таварыства Вольных Літаратараў абвяшчае імя лаўрэата літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”.
Сёлета гэтае абвяшчэнне прайшло ў жывым эфіры Беларускага Радыё Рацыя.
Пераможцам гэтай узнагароды стаў Сяргей Рублеўскі за кнігу эсэ і мініяцюр “Паспець надыхацца”.
На ўзнагароду “Гліняны Вялес” прэтэндавалі 5 кніг:
1. Эдуард Акулін «Малітва воч» (Менск: Медысонт, серыя «Кнігарня Пісьменніка»);
2. Леанід Галубовіч «З гэтага свету» (Менск: Кнігазбор, серыя «Кнігарня Пісьменніка»);
3. Сяргей Рублеўскі «Паспець надыхацца» (Менск: Медысонт);
4. Юрый Станкевіч «Шал» (Менск: Галіяфы, серыя «Другі фронт мастацтваў»);
5. Андрэй Федарэнка «Ланцуг» (Менск: Мастацкая літаратура, серыя «Беларуская проза ХХІ стагоддзя»).
Беларускае Радыё Рацыя