|
|
Рыхтуецца электроннае выданне культавага часопіса “Крыніца”
Рыхтуецца электроннае выданне ўсіх нумараў культавага часопісу "Крыніца". Пра гэта Рацыі паведаміў галоўны рэдактар часопісу "Дзеяслоў", старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:
- Гэта праект, які робіць інтэрнет-бібліятэка "Камунікат", наш партнёр. Мы падтрымалі гэта і наколькі змаглі, дапамагаем. Таму што сёння нават цяжка знайсці нумары гэтага часопіса. Не ўсе яны захаваліся. Там былі вельмі цікавыя публікацыі, было шмат цікавых аўтараў. Літаратура не старэе. З гадамі яна становіцца толькі лепшай. У мяне ў самога ёсць усе нумары гэтага часопіса “Крыніца”. Я часта перагортваю іх, чытаю. Я думаю, што многім нашым чытачам, асабліва маладзейшым, будзе вельмі цікава пазнаёміцца з ім у інтэрнет-бібліятэцы.
На думку Барыса Пятровіча, новаму пакаленню чытачоў якраз пасуе фармат інтэрнет-бібліятэкі "Камунікат", дзе нумары можна спампаваць і чытаць на любых мабільных прыстасаваннях.
Часопіс "Крыніца" пачаў выходзіць з 1989 года пад кіраўніцтвам Уладзіміра Някляева. На той момант вакол выдання згуртаваліся найбольш яскравыя беларускія паэты, празаікі, мастакі, музыкі. У 2002 годзе часопіс быў уключаны без узгаднення з заснавальнікам - Саюзам пісьменнікаў - у дзяржаўны медыя-холдынг. Гэта было расцэнена як элемент агульнай расправы з нацыянальнай культурай, адукацыяй і літаратурай.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя