Купі кнігу і атрымай падарунак


У берасцейскай кнігарні “Іскра” заахвочваюць купляць кнігі сучасных беларускіх аўтараў. Дзяржаўная крама падтрымала ініцыятыву грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” і выдавецтва “Кнігазбор” у правядзенні акцыі, па ўмовах якой пры набыцці пэўных беларускамоўных асобнікаў можна атрымаць падарунак. За адну кнігу даюць набор паштовак, за дзве – кампакт-дыск, за тры – дыск і набор паштовак. Па словах загадчыцы кнігарні Святланы Юнчык, пакупнікі акцыю заўважылі:

- Купляюць. Але я лічу, што той, хто раней купляў, то і зараз цікавіцца, набывае. Магчыма, і новыя пакупнікі з'явіліся. Хто любіць беларускую літаратуру, той заўважыць і купіць. А таго, каму кніга не патрэбна, і падарунак не зацікавіць.

Акрамя Берасця, акцыя праводзіцца ў Магілёве, Віцебску, Гародні, Полацку, Бабруйску і Маладзечна. Яна адмыслова звернута на рэгіёны, паколькі тут продаж беларускамоўных кніг вельмі слабы. Акцыя будзе працягвацца, пакуль ёсць падарункі.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя