У Менску аб'яўлены пераможцы прэміі “Залаты апостраф”

У Менску аб'яўлены пераможцы прэміі “Залаты апостраф”


Часопіс "Дзяслоў" абраў лепшых аўтараў публікацый 2012 года ў прозе і паэзіі, а таксама адзначыў самы яскравы дэбют.

Пра адметнасць сёлетняй прэміі распавядае галоўны рэдактар "Дзеяслова", старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:

- У зале сярод гледачоў ужо прагучала адметнасць гэтай прэміі - тое, што яна ўпершыню паедзе ў правінцыю. Для сябе мы гэта не адзначалі, мы не заўважалі гэтага. Было столькі лаўрэатаў нашай прэміі, нам здавалася, што ўжо не раз быў выпадак, калі лаўрэатам прэміі рабіліся людзі, якія жывуць у іншых гарадах, не толькі ў Менску. Добра, што такая адметнасць з'явілася, добра што так здарылася, добра што прэмія нарэшце паедзе ў Берасце, бо лаўрэатам стаў вельмі адметны і цікавы празаік Алесь Паплаўскі. Я чытаў яго іншыя творы. Я чытаў яго кнігу. Быў прыемна здзіўлены, калі ён даслаў свой новы твор у "Дзеяслоў". Канешне, канкурэнты ў яго былі вельмі моцныя.

Акрамя Алеся Паплаўскага з Берасця і яго аповесці “Lapido”, ушанаваны Алесь Разанаў за паэтычную нізку пункціраў “Столькі і гэтулькі”, у намінацыі "Дэбют" перамагла Марына Яўсейчык за празаічную публікацыю  “Казкі лесу”. У асаблівай намінацыі «За ўклад у сучасную беларускую літаратуру» ўганараваны празаік Анатоль Кудравец.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя