П. Коваль: Палітыка Еўропы ў справах Беларусі пацярпела фіяска

П. Коваль: Палітыка Еўропы ў справах Беларусі пацярпела фіяска


У жывым эфіры Радыё Рацыя на пытанні нашего журналіста адказаў еўрадэпутат Павел Коваль.

РР: - Ваша рэакцыя на падзеі на Плошчы?

ПК: -  Для мяне гэта не было неспадзяванкай, таму што я лічу, ужо два гады зменаў у еўрапейскай палітыцы ў адносінах да Беларусі абапіраюцца на памылковым меркаванні, што Лукашэнка з’яўляецца палітыкам, які зацікаўлены ў дыялозе з Еўропай і трансфармацыяй у Беларусі, і што робіць тое ў інтарэсах беларускага грамадства. Мне заўсёды падавалася, і апошнія здарэнні тое пацвярджаюць, што Лукашэнка з’яўляецца палітыкам, зацікаўленым выключна ва ўтрыманні сваёй улады, у замаруджванні развіцця беларускага грамадства, і маю ўражанне, што некаторыя дзеянні дзяржаў Еўрасаюза яму ў тым дапамагалі.

РР: - Ці спадзяваліся Вы такой моцнай рэакцыі рэжыма Лукашэнкі, якую мы назіралі ўчора ўвечары?

ПК: -  Кожны дыктатар, асабліва дыктатар у такім непрыязным для сябе акружэнні, вінаваціць Еўропу. Ён практычна знаходзіцца ў сэрцы Еўропы, апошнім такога роду дыктатарам, які мусіць думаць аб адным, як захаваць сваю ўладу, захаваць свае эканамічныя ўплывы, маёмасць, забяспечыць свой лёс і сваёй сям’і. І гэта ўся таямніца Аляксандра Лукашэнкі. Калі ён адчувае, што з’яўляецца нейкая рэальная канкурэнцыя, ён рэагуе вельмі моцна. Рэагуе вельмі моцна і тады, калі яму тая канкурэнцыя толькі падаецца рэальнай. Гэта тыпічныя захаванні усіх дыктатараў. Я абсалютна не магу зразумець, чаму так шмат асобаў у Еўропе паверылі, што ёсць інакш.

РР: - Еўрасаюз гаварыў пра тое, што выбары “часткова дэмакратычныя”, што ёсць “нейкія змены ў Беларусі”. Таксама ўчора Ежы Бузэк зарэагаваў на падзеі ў Мінску. Ці будзе нейкая іншая, мацнейшая рэакцыя Еўрапарламента?

ПК: -  Я, як пасол Еўрапарламента, напэўна, буду заклікаць да адпаведнай рэакцыі парламента, тымчасам не магу адказваць за Еўракамісію, або іншыя еўрапейскія фарміраванні. Маю сумненні. Сёння вельмі цяжка параіць установам Еўрасаюза, у якім напрамку павінны весці палітыку з Беларуссю. Гэта палітыка ў адносінах да Лукашэнкі змянялася вельмі часта і сёння нагадвае, так бы мовіць, разрэгуляваны гадзіннік. І сапраўды, да канца не можам сказаць, якія дзеянні былі б паспяховымі, якія вялі б у адпаведным кірунку. Нельга сёння ізалявяць беларускае грамадства, нельга прымяняць санкцыі, якія б закраналі беларусаў, таму што ў выніку поспеху яны не прынясуць. На маю думку, ужо раней трэба было весці палітыку, якая палягала на выкананні якіх-колечы жэстаў у бок Лукашэнкі толькі тады, калі ён выказваў волю стварэння грамадзянскай супольнасці, тады, калі ён даў бы выразныя сігналы, што пашыраецца свабода СМІ. Тымчасам адбываліся розныя візіты, сустрэчы, рознымі спосабамі спрабавалі апраўдаць Лукашэнку, нічога не патрабуючы ўзамен. І такі маем эфект.

РР: - З Аляксандрам Лукашэнка сустракаўся таксама міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Ці палітыка Польшчы ў адносінах да Лукашэнкі была добрая, ці можна было зрабіць нешта інакш?

ПК: -  Можна было сустракацца, але трэба было ясна акрэсліць умовы, на якіх адбываюцца тыя сустрэчы. Сёння маем такую сітуацыю, што Лукашэнка вельмі хацеў - яго сустрэчы паказвалі ў тэлебачанні – і мог паказваць сябе грамадзянам краіны правадыром, якога прызнае Еўропа. Тымчасам еўрапейскія палітыкі, якія ў сваіх краінах маюць дэмакратычны мандат, мусяць з сорамам глядзець на разгон мірнай дэманстрацыі.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя