|
|
22 лютага, у мінскай кнігарні “Логвінаў” адбылося ўганараванне лаўрэатаў штогадовай літаратурнай прэміі часопіса “Дзеяслоў” – “Залаты апостраф”.
Сёлетняя прэмія юбілейная, дзясятая. У 2003 годзе першымі яе лаўрэатамі сталі Васіль Быкаў, Алесь Бадак, Глеб Лабадзенка. За час існавання прэміі былі ўзнагароджаныя больш за 30 літаратараў.
Празаік, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч адзначыў, што першапачаткова рэдакцыя вырашыла ўручаць прэмію аднаму аўтару толькі аднойчы, і да сяе пары гэты прынцып вытрымліваўся. Але, магчыма, у будучым лаўрэатам прэміі можна будзе станавіцца і некалькі разоў.
Напярэдадні ўручэння на старонцы СБП у фэйсбуку быў вывешаны шорт-ліст прэміі. Любы жадаючы мог адгадаць сёлетніх лаўрэатаў і атрымаць каштоўныя прызы ад партнёраў “Залатога апострафа” – інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Аднак, на жаль, ніхто з удзельнікаў не адгадаў імёны лаўрэатаў дакладна.
Такім чынам, у намінацыі “Паэзія” лаўрэатам стаў Алесь Разанаў (за публікацыю ў “Дзеяслове” № 57). У прозе – берасцейскі творца Алесь Паплаўскі за аповесць, друкаваную ў “Дзеяслове” № 58. Лаўрэатам у намінацыі “Дэбют” стала Марына Яўсейчык з празаічнай публікацыяй (“Дзеяслоў” № 61).
Спецыяльнаяй прэміяй Алеся Усені “За ўклад у сучасную беларускую літаратуру” быў уганараваны Анатоль Паўлавіч Кудравец.
Алесь Сцяпанавіч Разанаў адзначыў, што атрыманая ім прэмія пойдзе на дапамогу тым людзям, каму гэта сапраўды неабходна: пісьменніку Алесю Чобату, паэту і перакладчыку Андрэю Гуцаву, а таксама берасцейскаму краязнаўцу.
На вечарыне акрамя заснавальнікаў прэміі і сяброў рэдакцыі “Дзеяслова” Барыса Пятровіча, Алеся Пашкевіча, Анатоля Івашчанкі выступілі лаўрэаты “Залатога апострафа” ранейшых гадоў: Леанід Дранько-Майсюк, Уладзімір Някляеў, Аксана Спрынчан. Алесь Камоцкі праспяваў некалькі песень, сярод якіх – творы на вершы Барадуліна, Караткевіча, а таксама на яго ўласныя тэксты.
У межах імпрэзы быў прэзентаваны свежы, 62-гі нумар “Дзеяслова”, які літаральна перад вечарынай быў забраны з друкарні. Асаблівай увагі ў ім вартая анталогія перакладаў з украінскай літаратуры, пра што распавёў Валер Стралко.
Прэсавая служба СБП, фота АУ