М. Ваўранюк: Ля муроў Акрэсціна плачуць маці затрыманых

М. Ваўранюк: Ля муроў Акрэсціна плачуць маці затрыманых


Відавочцам учорашніх падзеяў у Мінску быў і вядомы тэлежурналіст з Польшчы Мікола Ваўранюк. Як паведаміў ён для Радыё Рацыя, яго здымачнай групе пашчасціла, і ніхто з іх падчас разгону дэманстрацыі не пацярпеў.

Мікола Ваўранюк:

- У Мінску вялікі снег - амаль нічога не відаць. Я толькі што вярнуўся з пад муроў спецразмеркавальніка на Акрэсціна. Там стаяць групкі моладзі, і бацькоў тых, каго ўчора затрымалі. Затрымалі ўчора і ніякіх звестак пра іх не даюць. Там плачуць маці, дамагаюцца хоць якой-небудзь інфармацыі пра сваіх дзяцей. Уязджаюць туды аўтазакі і выязджаюць. Па БТ паказалі кадры, як апазіцыя разбівала дзверы і вокны ў парламенце. Прычым у іх такія добрыя кадры - аператары стаялі на месцы. А калі гавораць пра затрыманне Някляева, не даюць ніводнага здымка. Паказваюць пабітых міліцыянтаў і не даюць ніводнага здымка з акцыі. На шчасце, нам удалося папрацаваць больш менш бяспечна. Хаця многім журналістам добра дасталося, адзін польскі журналіст  сказаў, што яму ў спіну далі кованым ботам. Сёння павінна адбыцца прэс-канферэнцыя місіі АБСЕ. Бо ўчора назіральнікі ад СНД заявілі, што выбары былі дэмакратычныя і празрыстыя. Аказалася, што гэта былі ўсе назіральнікі з Расіі ад камуністаў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя