Сустрэча Прэс-клубу Беларусь у Варшаве

Сустрэча Прэс-клубу Беларусь у Варшаве


Яе ладзіла варшаўскае Інфармацыйнае Бюро Салідарнасьці зь Беларусьсю.
 Гэтым разам ганаровымі гасьцямі сустрэчы былі беларускі журналіст, блёгер, паэт, грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка і карэспандэнт тэлебачаньня France 24, які рыхтуе рэпартажы пра Польшчу, Беларусь, Украіну, Вугоршчыну ды супрацоўнічае з Monocle, The Economist blog – Гулівэр Крэг (Gulliver Cragg).

Падчас нефармальнай размовы госьці распавядалі пра свой досьвед журналісцкай працы. Абодва яны працуюць фрылансерамі, вось толькі адзін зь іх апісвае Беларусь знутры і прадае свае артыкулы ў Беларусі, а другі працуе звонку і прадае беларускія тэмы замежным СМІ.

Юлія Слуцкая, дырэктар Інфармацыйнага Бюро Салідарнасьці зь Беларусьсю, кажа, што падбор герояў для сустрэчы ня быў выпадковы.

Юлія Слуцкая: Гэта была тэставая сустрэча. Выпадковасьці тут не было. Мы хацелі запрасіць аднаго госьця з заходніх краінаў, які піша пра Беларусь, і аднаго беларускага журналіста. Нам падавалася вельмі цікавым спалучыць досьвед двух людзей, якія займаюцца адной і той жа справай — пішуць, як журналісты, аб Беларусі.

Глеб Лабадзенка мяркуе, што ў сучаснай Беларусі журналіст можа часткова пераймаць функцыі грамадзкага дзеяча – напрыклад, мадэраваць акцыі, скіраваныя на развіцьцё грамадзянскай супольнасьці і ўзаемадапамогі людзей. Сёньня, кажа журналіст, немагчыма заставацца апалітычным.

Глеб Лабадзенка: Мне здаецца, што ў сёньняшняй Беларусі роля журналіста трансфармуецца й выходзіць па-за межы проста напісаньня тэкстаў для газэты або інтэрнэту. Гэта ненармальна. Гэта не ад добрага жыцьця журналіст робіцца грамадзкім актывістам. Калі журналіст ідзе на мітынг, то ён ідзе ня толькі як журналіст, а як адзінка гэтага грамадзтва, як асоба, як грамадзянін. У інтэрнацыянальным разуменьні журналісцкай этыкі гэта, безумоўна, няправільна. Нам кажуць, што журналіст мусіць быць стэрыльнай лялькаю, безь ніякіx прызнакаў: xлопец гэта ці дзяўчына. Канешне, у жыцьці так ніколі не атрымліваецца. Тое, што ў Беларусі журналісты пераймаюць часткова ролю грамадзкіх дзеячаў, я ня бачу ў гэтым нічога кепскага. Я, шчыра кажучы, ня ведаю, апалітычных людзей. Нават калі чалавек не махае сьцягам, усё адно ў размове зь ім адразу бачна, што ў яго ў галаве.

Гулівэр Крэг распавядаў пра свой досвед працы зь беларускай тэматыкай. Як зрабіць беларускую тэму цікавай для заходніх рэдакцый і чытачоў?
Што французы ведаюць пра Беларусь і як яе ўспрымаюць?

Гулівэр Крэг: Гэта пераважна стэрэатыпы — што гэта вельмі сумная краіна, што там заўжды холадна, што людзі вельмі церпяць пасьля Чарнобыля і што ў іх шмат хвароб і розных дэфармацый. Менавіта так пішуць журналісты, бо лічаць гэтыя тэмы важнымі. Яны пішуць пра тое, што ў Беларусі дыктатура. Бо каб прадаць сваю тэму, галоўнаму рэдактару трэба казаць, што нашая навіна надзвычай драматычная. Потым рыхтуеш сюжэт, а вядучыя, каб зацікавіць гледача, яшчэ больш драматызуюць тэму. У сваіх рэпартажах я стараюся не казаць: „апошняя дыктатура Эўропы”, бо лічу, што гэта ўжо калька. Але дыктар і так гэта дадасьць. Вельмі цяжка выходзіць па-за стэрэатыпы і калькі, а зь іншага боку такія стэрэатыпы дапамагаюць гледачам, якія мала ведаюць пра Беларусь, прыгадаць кантэкст.

Гулівэр Крэг працуе для France 24 з 2006 года, спачатку ў Парыжы, а з 2010 года – у Варшаве. France 24 – гэта адзін з найбуйнейшых французкіх міжнародных каналаў тэлебачаньня, вядзе вяшчаньне на трох мовах – англельскай, францускай ды арабскай.

Сустрэчу ладзіла варшаўскае Інфармацыйнае Бюро Салідарнасьці зь Беларусьсю.

Эльвіра Богдан


Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё