|
|
“І там, у яго ў Крынках, далёка ад радзімы, я адчуў сябе як дома” – Уладзімір Някляеў.
У сваім доме ў мястэчку Крынкі што на Беласточчыне памёр пісьменьнік, інтэлектуал, адзін зь лідараў беларускай нацменшасьці ў Польшчы Сакрат Яновіч. Пісьменьніку было 76 гадоў.
Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасьня 1936 году ў Крынках на Беласточчыне. Працаваў перакладчыкам у тыднёвіку беларусаў Польшчы "Ніва", а затым журналістам. У 1970-м быў звольнены зь «Нівы» «за беларускі нацыяналізм», застаўся беспрацоўным, нейкі час працаваў грузчыкам, тэхнікам бясьпекі працы. У 1973 годзе завочна скончыў факультэт польскай і славянскай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэта.
У 2007 Сакрат Яновіч прызнаўся, што ў 1958—1970 гады супрацоўнічаў са Службай бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі.
Дэбютаваў апавяданьнем у 1956 («Ніва», Беласток). Пісаў на беларускай і польскай мовах. Аўтар зборнікаў апавяданьняў і мініяцюр. Аўтар 30 кніг.
Беларускі пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Уладзімір Някляеў сказаў Польскаму радыё, што ў пэўны пэрыяд жыцьця Сакрат яму вельмі дапамог. Калі Някляеў быў прымушаны пакінуць Беларусь і на нейкі час пераехаць у Польшчу, Сакрат Яновіч запрасіў яго ў Крынкі ў госьці. “І там, у яго, далёка ад радзімы, я адчуў сябе як дома” – сказаў Някляеў.
У сваю чаргу пісьменьнік Уладзімір Арлоў у размове з намі зазначыў, што Яновіч вельмі многа зрабіў для разьвіцьця беларускай культуры, напрыклад, яго вядомы праект “Віла Сакратэс”, які аб’ядноўваў беларускіх ды замежных інтэлектуалаў.
Сакрат Яновіч быў ляўрэатам шматлікіх узнагарод і прэмій ня толькі за літаратурную дзейнасьць, але й за грамадзкую. Напрыклад, ён быў ляўрэатам узнагароды “Вясёлкавы ляўр”, якую прызналі прадстаўнікі польскай грамадзкасьці ЛГБТ за пашырэньне ідэяў талерантнасьці й роўнасьці.
Творы Сакрата Яновіча - на старонках інтэрнэт-бібліятэкі "Камунікат" і на "Беларускай палічцы".
Валеры Саўко
выказваньні Ў.Някляева і Ў.Арлова – у далучаным гукавым файле