|
|
* * *
Сакрат Яновіч быў для мяне, маладога беларуса Беласточчыны, маральным аўтарытэтам, адзначыў фотамастак, сябра Фонду Villa Sokrates Павел Грэсь. Сакрат Яновіч – беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі і палітычны дзеяч з Беласточчыны ў родных Крынках запачаткаваў правядзенне Трыялогаў – сустрэчы інтэлектуалістаў з усёй Еўропы. Ён з’яўляўся прыкладам творцы еўрапейскага масштабу, і Фонд Villa Sokrates мае абавязак апрацаваць творчую спадчыну, ды працягнуць тое, што ім было распачата – зазначыў Павел Грэсь.
– Гэта быў творца на ўзроўні Польшчы і Еўропы. Людзі, з якімі ён карэспандаваў, адкідваючы ўсе палітычныя кантэксты, – гэта Мілаш, Гедройц, Адам Міхнік. На тое, каб дацаніць Сакрата, у Крынках, ды не толькі ў Крынках, але і ў Беластоку яшчэ прыйдзе час.
Намеснік галоўнага рэдактара «Нівы» Віталь Луба:
– Гэта чалавек, які ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў беларускай справе ў нас на Беласточчыне. Вялікафарматная асоба, часамі супярэчлівая, але важная, якая моцна запісалася ў нашай гісторыі.
Ганна Кандрацюк журналістка:
– Цяжка мне знайсці другую асобу, якая з такой увагай, цеплынёй падтрымоўвала маладых творцаў. Лічу, што не быў у нас дастаткова вядомы як творца. Хутчэй гаварылася, што ён лідар беларускага руху, што фельетаніст. А яго кнігу «Хатняя стагоддзе» лічу адной з найлепшых, якія з'явіліся у нас на літаратурным грунце.
Пісьменніца і сяброўка Сакрата Яновіча Міра Лукша ўзгадвае, што яго проза вядомая не толькі беларускамоўнаму чытачу:
– Сакрат Яновіч ужо меў свае вядомыя кнігі, выданыя таксама на польскай мове. «Wielkie miasto Białystok» – гэта ўжо проста прымаўка такая. Ён быў вядомым чалавекам, ён належаў да Польскага саюза пісьменнікаў, ён быў аўтарытэтам. Ён перш за ўсё быў літаратарам, чалавекам Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай абодвух народаў.
Сакрат Яновіч пайшоў з жыцця на 77 годзе жыцця напярэдадні. Пасля сябе пакінуў багатую творчую спадчыну.
* * *
Не стала Сакрата Яновіча. Калі пачаліся палітычныя і грамадскія перамены ў Беларусі і Польшчы, менавіта да яго многія ехалі за каментаром і парадай. У апошнія гады, таксама і з увагі на здароўе, Сакрат Яновіч займаўся пераважна літаратурнай дзейнасцю і арганізацыяй штогадовых “Трыялогаў”.
Журналіст беларускай службы Радыё Беласток Юры Ляшчынскі прыгадвае Сакрата Яновіча таксама як нефармальнага лідара студэнцкага руху:
- Менавіта ў 70-я - 80-я гады, пачатак 90-х, Сакрат Яновіч быў лідарам нашага студэнцкага руху. Ён, вядома, не быў тады студэнтам. Мы ў той час былі студэнтамі, а ён для нас быў той пуцяводнай зоркай, якая паказвала, у якім кірунку можна ісці, чаго намагацца, чаго чакаць ад сябе, ад беларускасці. Як шукаць гэтую беларускасць у самім сабе. А літаратура была такім сродкам. Самае галоўнае – гэта быць беларусам. А як быць беларусам? Гэтаму і вучыў нас Сакрат Яновіч ва ўніверсітэце Варшаўскім.
Журналіст, перакладнік, пісьменнік, публіцыст Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасня 1936 году ў Крынках на Беласточчыне. Там і будзе пахаваны. Пра дату і час пахавання будзем паведамляць пазней.
* * *
Сакрат Яновіч дэбютаваў у другой палове пяцідзясятых гадоў на старонках тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Стартаваў таксама ў першых свабодных выбарах у польскі Сенат ў 1989 годзе ад імя Беларускага Выбарчага Камітэта, кажа гісторык, а таксама кандыдат ў дэпутаты ў выбарах 1989 года Яўген Мірановіч.
- Натуральным кандыдатам у сенатары быў Сакрат Яновіч як найбольш вядомы беларус. Ён пісаў не толькі ў “Ніве”, але і ў “Кур'еры Подляскім", у цэнтральных газетах і ў розных перыёдыках, якія выдавала апазіцыя.
Сакрат Яновіч за 76 гадоў жыцця выдаў больш за 30 кніжак на польскай і беларускай мовах. Быў аўтарам шматлікіх апавяданняў, аповесцяў і літаратурных мініяцюраў, у тым ліку зборніка эсэ "Беларусь, Беларусь," раманаў “Хатняе стагоддзе” і “Сцяна”.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя