Інстытут Вялікага Княства Літоўскага заснаваў новую прэмiю

Інстытут Вялікага Княства Літоўскага заснаваў новую прэмiю


Прэмію імя Юліюша Бардаха, заснаваную Інстытутам Вялікага Княства Літоўскага, змогуць атрымаць беларускія, польскія, літоўскія ды ўкраінскія гісторыкі. На конкурс прымаюцца доктарскія або магістарскія працы, прысвечаныя тэматыцы ВКЛ. Прэмія накіравана на заахвочванне правядзення даследаванняў па спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, яго дзяржаўнай, прававой і культурнай традыцыі. Паведаміў дырэктар Інстытута ВКЛ, дацэнт універсітэта Вітаўта Вялікага Русціс Камунтавічус:

- Заснавальнікі Інстытута Вялікага Княства Літоўскага вырашылі стварыць такую прэмію, якая будзе выдавацца людзям, якія вывучаюць або спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, яго культурныя і палітычныя традыцыі, або напісалі свае працы па паліталогіі ці гісторыі, але галоўнае, каб гэтыя працы былі пра некалькі дзяржаў з гэтага рэгіёна. Напрыклад, абрана нейкая тэма, у межах якой разглядаюцца Літва і Польшча, Польшча і Беларусь, Літва і Беларусь і гэтак далей.

Апошні тэрмін падачы прац 30 верасня. Пераможцаў прэміі імя Бардаха абярэ навуковая камісія, прызначаная Інстытутам ВКЛ. З беларускага боку арганізатарамі прэміі выступаюць Андрэй Казакевіч і Алесь Смалянчук. Юліюш Бардах, імем якога назвалі прэмію, выбітны польскі і літоўскі гісторык, адзін з самых вядомых навукоўцаў Вялікага Княства Літоўскага. Бардах выступаў за захаванне добрых навуковых стасункаў на абшары былой Рэчы Паспалітай. Гісторык памёр у 2010 годзе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя