Ці з’явіцца ў Міхалове вуліца Міколы Гайдука?

Ці з’явіцца ў Міхалове вуліца Міколы Гайдука?


Сёлета спаўняецца 80 год з дня нараджэння аднаго з найбольш вядомых ураджэнцаў Міхалоўскай гміны, публіцыста, беларускага грамадскага і культурніцкага дзеяча Міколы Гайдука. Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы звярнуліся да бургамістра Міхалова з ініцыятывай прысваення адной з вуліц Міхалова імя выдатнага земляка Міколы Гайдука.

Як распавёў ў сённяшняй Раніцы з Рацыяй бургармістр Міхалова Марэк Назарко, такая ініцыятыва вартая, але мусіць ісці перш за ўсё ад мясцовых жыхароў.

- Такія ініцыятывы вельмі каштоўныя, але яны павінны зыходзіць ад саміх людзей. Не можа быць так, што ўлада захацела і назвала так вуліцу. Таму я прапанаваў ініцыятарам гэтай прапановы як мага шырэй прадставіць постаць Міколы Гайдука жыхарам нашага Міхалова.

Мікола Гайдук нарадзіўся ў траўні 1933 года ў вёсцы Кабылянка, што каля Міхалова, памёр у 1999 годзе. Беларускі пісьменнік, журналіст, краязнаўца, педагог. Былы дырэктар агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім.

Дэбютаваў у друку вершам на беларускай мове ў 1957 годзе ў тыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва». Аўтар зборнікаў паэзіі, апавяданняў, аповесцей і гістарычных эсэ, казак. Выступаў як публіцыст, літаратуразнавец і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі і краязнаўчы слоўнік.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя