ТБМ ушануе 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага

ТБМ ушануе 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Гарэцкага


Па словах старшыні ТБМ Алега Трусава, 21 лютага, у Дзень роднай мовы, адбудзецца агульнанацыянальная дыктоўка. "У сядзібе ТБМ будзем пісаць тэкст з твораў Максіма Гарэцкага," - кажа Алег Трусаў:

- На наступны дзень, 22 лютага, пройдзе сустрэча з Вадзімам Гарэцкім, які таксама раскажа пра свайго знакамітага дзядзьку. Мы запрашаем усіх жадаючых. Дарэчы, ТБМ выдала і паштоўкі з выявай пісьменніка. Таму падчас дыктоўкі можна будзе паглядзець і набыць сабе паштоўку з выявай Максіма Гарэцкага на фоне яго музея ў вёсцы Малая Багацькаўка на Мсціслаўшчыне. На нашым партале ёсць гэтыя паштоўкі. Зрабілі канкрэтную справу.

Паштоўка ў гонар Максіма Гарэцкага надрукавана накладам 500 асобнікаў. Яна ўваходзіць у невялікую серыю выбітных дзеячоў беларускай літаратуры – юбіляраў 2013 года. Як расказаў Алег Трусаў, таксама выдадзены паштоўкі, якія прысвечаны Кірылу Тураўскаму, Вацлаву Ластоўскаму і Янке Маўру.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя