У Акадэміі навук адкрылася выстава да 120-годдзя Максіма Гарэцкага

У Акадэміі навук адкрылася выстава да 120-годдзя Максіма Гарэцкага


Юбілей славутага пісьменніка ды навукоўца не адзначаецца шырока на дзяржаўным узроўні. Толькі ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры прайшлі традыцыйныя гарэцкія чытанні і Акадэмія навук прадставіла магчымасць паглядзець на ўнікальныя экспанаты з архіва Гарэцкага.

Распавядае Віктар Свякла, навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук:

- Выстава называецца “Браму скарбаў сваіх адчыняю”, яна так названа па першым радку аднаго з лепшых, як лічаць даследчыкі, няскончаных твораў “Скарбы жыцця”. Тут многія дакументы з’явіліся ўпершыню, а самыя каштоўныя экспанаты - гэта дакументы з рукапіснага архіва пісьменніка. Сюды яго перадала дачка Максіма Гарэцкага, Алена Максімаўна. У склад архіва ўваходзяць рукапісы твораў, фотаздымкі, біяграфічныя дакументы. Акрамя гэтага на выставе прадстаўлены кнігі Максіма Гарэцкага, першыя публікацыі.

Максім Іванавіч Гарэцкі - славуты беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, лексікограф, фалькларыст. За савецкім часам, у 1929 годзе, разам з іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб'ектам кампаніі “крытыкі” ў друку. Арыштаваны ў 1930 годзе па абвінавачанні ў прыналежнасці да “Саюза вызвалення Беларусі”, у красавіку-маі 1931 засуджаны да высылкі на пяць гадоў у Вятку. Арыштаваны ў 1937 годзе яшчэ раз, пазней расстраляны па прысудзе “тройкі” НКУС (прысуд прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў 15 гадзін; жонцы паведамілі, што памёр ад кровазлiцця ў мозг 20 сакавiка 1939 года). Рэабілітаваны 15 лістапада 1957 года.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя