Беларускі ПЭН-цэнтр застаецца з ранейшымі прынцыпамі

Беларускі ПЭН-цэнтр застаецца з ранейшымі прынцыпамі


На сходзе былі заслуханы справаздачы пра вынікі працы за мінулыя 2 гады. Адбыліся выбары кіраўніцтва. Старшынём арганізацыі быў пераабраны паэт Андрэй Хадановіч. Яго першым намеснікам выбраны перакладчык Павел Анціпаў. Намеснікамі абраны літаратары Ганна Янкута і Андрэй Скурко.

Па словах Андрэя Хадановіча, 2 мінулыя гады былі, з аднаго боку, вельмі плённымі. Разам з тым, відавочна, не па літаратурных, а па палітычных абставінах часам узнікала напружанасць. Але арганізацыя працягне працу, кіруючыся сваімі вядомымі прынцыпамі.

– Мы не збіраемся ў любых беларускіх умовах здраджваць асноўным пэнаўскім пранцыпам, мы будзем бараніць свабоду слова, будзем множыць тэрыторыю свабоды без пісьменніцкай цэнзуры і самацэнзуры, мы будзем падтрымліваць пісменнікаў у няволі, мы будзем абараняць лінгвістычныя правы моваў, там дзе гэта дыскрымінуецца. У нашай краіне, на жаль, дыскрымінуюцца лінгвістычныя правы беларускай мовы. Мы будзем іх бараніць надалей.

Па словах Андрэя Хадановіча, яшчэ адным прыярытэтным накірункам працы стане інтэграцыя Менска і Беларусі ў цэлым у сусветную культурна-літаратурную прастору. "Гэта датычыць і арганізацыі фестываляў, і магчымасці літаратараў ездзіць за мяжу, а нам прымаць замежных літаратараў," – сказаў Андрэй Хадановіч. Важным накірункам стане праца з маладымі пісьменнікамі і паэтамі, для якіх будуць і надалей ладзіцца конкурсы. Лепшыя літаратары, як маладыя, так і старэйшыя, будуць узнагароджвацца прэміямі.

На гэтым сходзе ПЭН-цэнтра прэміяй імя Францішка Багушэвіча ўзнагароджаны Уладзімір Ляхоўскі і Алесь Краўцэвіч.

* * *

"Беларускі ПЭН-цэнтр не адыйшоў ні ад аднаго з прынцыпаў, дзеля якіх ствараўся," – лічыць Лявон Баршэўскі, былы кіраўнік, а зараз ганаровы старшыня гэтай арганізацыі.

Падчас справаздачна-выбарчага сходу ПЭН-цэнтра ўзнікла дыскусія пра тое, што зараз арганізацыя нібыта мала ўвагі надае рэалізацыі аднаго з важных міжнародных прынцыпаў, дзеля якога была створана – гэта падтрымка рэпрэсаваных творцаў.

Па словах Лявона Баршчэўскага, ПЭН-цэнтр захоўвае вернасць гэтым прынцыпам:

– ПЭН-цэнтр не здрадзіў традыцыям Быкава, Шэрмана, Адамовіча, ён застаецца прынцыповым, ён ніколі не апусціўся да парушэння сваіх прынцыпаў. ПЭН-цэнтр аказваў і аказвае прынамсі маральную дапамогу і праз задзейнічанне ўсёй сусветнай сеткі ПЭН-цэнтра тым людзям, якія знаходзяцца ў зняволенні.

Зараз двое сябраў беларускага ПЭН-цэнтра пазбаўлены волі. Гэта літаратар і праваабаронца Алесь Бяляцкі, які асуджаны да 4 гадоў і 6 месяцаў зняволення і адбывае пакаранне ў калоніі, а таксама публіцыст і палітык Павел Севярынец, прыгавораны да абмежавання волі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя