|
|
Прэмія Гедройца аднавіла цікавасць да беларускай прозы
“Калі паэзія заўсёды была на слыху - няхай і ў форме песень, кліпаў, эстрады, то з прозай - іншая сітуацыя”, - лічыць мастак і пісьменнік Адам Глобус, чыя кніга “Сказы” трапіла ў сёлетні шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца:
- Менавіта проза, кніжная проза, такая папяровая кніжка, пра яе пачалі забываць. А тут раптам прэмія, яна своечасова ажывіла ландшафт. Ён быў амаль восеньскі, а тут раптам з’явіліся нейкія вясновыя фарбы - гэта парадавала. Усе адзін на другога інакш паглядзелі, як на канкурэнта, так жа кожны лічыў сябе першым, а тут раптам высветлілася, што не ўсе першыя, неяк скептычна ставіліся да маладых, а калі маладому далі раптам прэмію, гэта таксама ўсіх крыху абнадзеіла, асабліва маладых. Мяне вось гэта найбольш парадавала, што гэта абнадзейвае моладзь.
У шорт-ліст прэміі Гедройца-2012 патрапілі Сяргей Балахонаў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Людміла Рублеўская ды Юрый Станкевіч.
Прэмія скаладае 10 тысяч еўра, абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцы адбываецца 3-га сакавіка.
Сярод узнагародаў - магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія Дамы творчасці.
Рыгор Сапежынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск