У Гародні праваслаўная выстава “Радасць слова”

У Гародні праваслаўная выстава “Радасць слова”


У Гародні адкрылася праваслаўная выстава-кірмаш “Радасць слова”, дзе наведнікі могуць пазнаёміцца з навінкамі рэлігійнай літаратуры, купіць абраз ці крыжык. Асобнае месца на выставе адведзена пытанням да святара.

Ігар Данільчык кіраўнік аддзела адукацыі Гарадзенскай епархіі кажа, што выстава адкрываецца на свята Стрэчання (паводле Юльянскага календара):

- У гэтыя святочныя дні пачынае сваю працу выстава, якая называецца “Радасць слова”. Выстава перш за ўсё прадстаўляе кніжны друк Беларускага экзархату, вельмі шмат духоўнай літаратуры прапанавана ўвазе наведнікаў. Для кожнага з нас, асабліва для тых, хто яшчэ не дакрануўся да гэтай духоўнай скарбніцы праваслаўнай веры, у гэтыя дні з’яўляецца вельмі сімвалічным, у наведнікаў ёсць магчымасць, каб адбылся свая асабістая сустрэча з Богам.

Урачысты малебен з нагоды адкрыцця выставы-кірмаша правёў архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. На выставе прадстаўлены сярэднявечныя “Евангеллі”, а таксама галаграфічная выява Крыжа Еўфрасінні Полацкай - святыні беларусаў.

Выстава працягнецца да 24-га лютага ў фае былога Дома афіцэраў абласнога цэнтра.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

У Гародні ў Цэнтры культуры па вуліцы Ажэшкі-30 адбылося адкрыццё праваслаўнай выставы-кірмашу “Радасць слова”.

Наведнікаў чакае паказ відэафільмаў пра жыццё манахаў, прэзентацыя духоўнай літаратуры, праваслаўны лекторый, таксама можна пабачыць галаграфічную выяву Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай. Ахвотныя маюць магчымасць набыць духоўную, адукацыйную літаратуру для дарослых і дзяцей, аўдыё і відэапрадукцыю, іконы, царкоўнае начынне.

У адкрыцці экспазіцыі ўзяў удзел епіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

Выстава будзе доўжыцца да 24 лютага.


Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя