|
|
Памёр вядомы беларускі літаратар і грамадcкі дзеяч Сакрат Яновіч
Сакрат Яновіч, адзін з самых цікавых сучасных пісьменнікаў, які пісаў на беларускай і польскай мовах і якога называлі Пісьменнікам абодвух народаў, памёр у нядзелю ўвечары ў сваім доме ў Крынках. Сакрату Яновічу было 76 гадоў. Галоўны рэдактар “Часопіса” і дырэктар Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку Юры Хмялеўскі ў апошнія гады быў вельмі блізкі з Сакратам:
– Цяпер мы адчуем вялікую страту, калі няма ўжо з намі такого аўтарытэту, такой асобы, сімвала нашай беларускасці, а таксама і ў шырэйшым кантэксце, бо ён быў заслужаны і для польскай культуры, і ў еўрапейскім значэнні. Зямля выдае на свет вельмі рэдка такіх людзей. Думаю, што такога чалавека як Сакрат больш не будзе, ён быў непаўторны.
Сакрат Яновіч нарадзіўся 4 верасня 1936 года, працаваў перакладчыкам, журналістам у тыднёвіку “Ніва”, аўтар шматлікіх апавяданняў, аповесцяў і навэлаў, напісаў больш за 30 кніг, у тым ліку "Terra incognita: Беларусь", “Самасей” і “Сцяна”. Яго творы перакладалі на ангельскую, нямецкую, італьянскую мовы. Сакрат Яновіч, які для шматлікіх стаў інтэлектуальным лідарам, разам з Юрам Хмялеўскім і вядомым мастаком Лёнікам Тарасэвічам стаў стваральнікам Фонду Villa Sokrates.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя