“Вершы на асфальце”


Другі фестываль памяці Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” адкрыўся ўчора, у дзень 75-годдзя паэта ў Інстытуце Гётэ. Адкрыццё фестывалю было авеянае тэмай кахання. На імпрэзу прыйшла і першая жонка Міхася Стральцова Галіна Сямёнаўна.


Трохдзённая праграма фэсту насычаная выступамі аўтараў розных пакаленняў: ад маладых паэтаў да жывых класікаў. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч згадаў, што калі Міхась Стральцоў пачынаў друкавацца ў 1960-х, яго лічылі наватарам. “Мне цікава, што застанецца ад нашых сённяшніх наватараў праз 50 гадоў, — сказаў ён, — асабліва ад смелых у сваёй творчасці, тых, якія не баяцца актыўна ўжываць ненарматыўную лексіку. Ці зробяцца яны традыцыяналістамі?” Ён таксама адзначыў, што ўсцешаны разнастайнасцю літаратурных фестываляў: “Ёсць на Гомельшчыне свята Анатоля Сыса, на Берасцейшчыне — паэтычны фестываль Ніны Мацяш, магчыма, на Гарадзеншчыне з’явіцца фестываль, які будзе насіць імя Ларысы Геніюш, а на Віцебшчыне — Караткевіча, няхай у нас будзе больш нагодаў збірацца”.

Алесь Разанаў заглыбіўся ў таемнасць паэзіі Стральцова, дзе заўсёды прысутнічае штосьці па-над радкамі, штосьці невымоўнае: на яго думку, гэта і ёсць самае істотнае.  “Паэзія Стральцова — гэта паэзія вызвалення ад словаў, таму што ў ёй заўсёды прысутнічае штосьці больш важнае, чым “здзейсненая пісаніна”, — завяршыў выступ Разанаў.

Адам Глобус пачаў з таго, што як у мастакоў ёсць дзень народзінаў Цэслера, які святкуюць усе, так у паэтаў з’явіўся дзень народзінаў Стральцова. “Яго ўсе любілі, кнігі выходзілі, здавалася, без усялякіх намаганняў, чалавеку шанцавала. Пашанцавала яму і нарадзіцца амаль у адзін дзень з Хадановічам. Так што гэта цяпер агульнае свята — дзень народзінаў Стральцова і Хадановіча”, — іранічна сказаў Глобус. “Я з Міхасём Стральцовым жыў у адным доме, а калі выйшла яго першая паэтычная кніжка, мне вельмі хацелася, каб там было штосьці пра мяне. І там сапраўды ёсць адзін верш пра мяне”. Адам Глобус прачытаў кранальна-сумны верш на тэму дзяцінства і адзіноты — пра тое, як у двары разбіраюць барак, а хлопчык малы на дрэва залез, апошнія радкі верша нагадваюць хоку: “Дрэва, як цацку яму аддалі, каб не плакаў”. “Паверце, гэта сапраўды пра мяне”, — сказаў Глобус.

А першая жонка Міхася Стральцова Галіна Сямёнаўна, якая пражыла з ім амаль 20 гадоў і нарадзіла дзвюх дачок, расказала пра тыя вершы, што былі натхнёныя пачуццямі паэта да яе: “Аднойчы, ужо пасля таго, як мы з Міхасём рассталіся, я глядзела ў акно, быў пачатак снежня, падаў снег, такія павольныя буйныя сняжынкі. Рука пацягнулася да тэлефона, я патэлефанавала і сказала: “Я цябе віншую з першым снегам” , — і паклала слухаўку. Пасля гэтага нарадзіўся верш “А мо чакаў я гэтага званка…”

Паэтка Ірына Дубянецкая працягнула пачуццёвую тэму ў паэзіі Стральцова. “Было б дзіўна, каб ён не далучыўся да самай эратычнай тэмы беларускай паэзіі і музыкі”, — сказала яна і прачытала верш “Лявоніха”.

Завяршылася адкрыццё выступам гурта “Рэха”, які ненадоўга ператварыў інтэлігентнае паэтычнае свята ў балаганчык са спевамі і танцамі.

Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева

Фота
  • Фота 1/12
  • Фота 2/12
  • Фота 3/12
  • Фота 4/12
  • Фота 5/12
  • Фота 6/12
  • Фота 7/12
  • Фота 8/12
  • Фота 9/12
  • Фота 10/12
  • Фота 11/12
  • Фота 12/12

Крыніца: "Будзьма беларусамі!"