У Менску пачаўся паэтычны фэст памяці Міхася Стральцова

У Менску пачаўся паэтычны фэст памяці Міхася Стральцова


Фэст праходзіць па 16 лютага ў канферэнц-зале Інстытута імя Гётэ. Арганізатары фестывалю — Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, Інстытут імя Гётэ ў Менску, а таксама Шведскі саюз пісьменнікаў. Сярод замежных удзельнікаў — паэты з Германіі, Літвы, Расіі, Украіны, Швецыі, Эстоніі.

У праграме — міжнародны паэтычны слэм, традыцыйныя паэтычныя чытанні, а таксама некалькі прэзентацый, у тым ліку кніжных серый "Кнігарня пісьменніка" і "Пункт адліку".

Распавядае арганізатар фэсту, паэт, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч:

- Фестываль вельмі розны – ад урачыстых успамінаў пра Стральцова, ад кананічнага, акадэмічнага чытання вершаў, да паэтычнага спаборніцтва, можа быць не зусім сур’ёзных правакацый і хуліганства ў межах слему – сучаснага фармату культуры слова. Мне ўсё гэта аднолькава цікава - збірацца разам, думаць пра тое, што ўся гэтая жывая нашая культура вельмі цешыла б Міхася Стральцова. А нас вельмі цешыць, што ён у нас ёсць і гэтае імя нас аб’ядноўвае.

Між тым, як паведаміў Рацыі мастак і пісьменнік Адам Глобус, бліжэйшым часам пабачыць свет двухтомнік Міхася Стральцова.

- Творчасць Стральцова набыла другое, наступнае жыццё. Як бы ўваскрашэнне адбылося. І зараз, дзякуючы намаганням Чарнякевіча і Фядуты, рыхтуецца двухтомнае выданне літаратурнай спадчыны. Я яго вельмі чакаю і спадзяюся, што мы зноў перачытаем Стральцова, новае пакаленне яго таксама прачытае, і мы ўбачым, што гэта сапраўдны класік беларускай літаратуры.

Міхась Стральцоў - паэт, навеліст, літаратурны крытык. Паводле гісторыка літаратуры Анатоля Сідарэвіча, "Стральцоў – паэт празрысты. Сказаў бы так: як празрыстае асенняе паветра".

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
 

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя