|
|
Кастусь Севярынец прэзентаваў пераклад кнігі “Люблю Беларусь”
Кастусь Севярынец навучыць рускамоўных чытачоў любіць Беларусь. Бацька палітычнага вязня і аднаго з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі прэзентаваў у Менску пераклад кнігі сына “Люблю Беларусь” на рускую мову.
У свой час беларускамоўны твор палітыка стаў сапраўдным бестселерам у дэмакратычных колах і вытрымаў ажно тры перавыданні на роднай мове. Па словах Кастуся Севярынца, да перакладу на рускую яго падштурхнулі шматлікія сябры ў сацыяльных сетках з усходняй суседкі.
– У сацыяльных сетках у мяне шмат сяброў і з Расіі, і з Прыбалтыкі, і з іншых месцаў. Сябры мае прасілі нешта даслаць з напісаных Паўлам кніжак, з таго што ён піша і цікавіліся Беларуссю. З гэтага і пачалося, што я стаў перакладаць нейкія раздзелы па тых тэмах, якія цікавілі маіх суразмоўцаў. Потым я атрымаў адказ з амерыканскага рускамоўнага часопіса «FloriДа». Калі я пачаў фрагментарна перакладаць, вырасла ідэя перакласці ўсё гэта цалкам.
Пакуль пераклад кнігі “Люблю Беларусь” на рускую мову можна ўбачыць толькі ў электронным выглядзе на сайце палітыка. Але ўжо летам альбо восенню бягучага года – пасля чаканага вызвалення Паўла з так званай «хіміі» – сям’я Севярынцаў плануе надрукаваць і першы рускамоўны наклад.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
Сёння, 12-га лютага, адбудзецца прэзентацыя перакладу на рускую мову кнігі Паўла Севярынца "Люблю Беларусь". На чарзе – раман. «Гэта праца ўжо не першага году. Аднак, скончыць яе ўвесь час перашкаджаюць некаторыя абставіны», - зазначае палітык.
- Рыхтуюся, калі выйду на волю, нарэшце перапісаць начыста свой раман. Чарнавік гатовы, але тут яго не дапішаш. Раман называецца “Сэрца святла”. Я пра гэта ўжо сям-там казаў, але трэці год ніяк не магу зрабіць “апошнія акорды” як кажуць.
У перакладзе кнігі "Люблю Беларусь" апошняя кропка ўжо пастаўлена. Паводле Паўла Севярынца, рускамоўны варыянт выдання прызначаны для тых, хто не разумее беларускую мову, а таксама для жахыроў Расіі, якія ўпадабалі адпачываць у Беларусі. Пераклад быў бы немагчымым без удзелу ў ім бацькі пісьменніка і палітыка, паэта і журналіста Канстанціна Севярынца.
За ўдзел у акцыі пратэсту 19-га снежня 2010 года ў Менску лідар незарэгістраванай палітычнай партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Павел Севярынец асуджаны на тры гады «хіміі». Ён адбывае пакаранне ў спецкамендатуры №7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці.
Вадзім Батура, Беларускае Радыё Рацыя