А. Лагвінец: Правакацыя, якая кладзецца плямай на ўсю Беларусь

А. Лагвінец: Правакацыя, якая кладзецца плямай на ўсю Беларусь


У Мінску адбыліся трагічныя падзеі. Людзі мабілізаваліся і згуртаваліся, каб пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў.  Таксама мы ведаем, што адбылася правакацыя, якая кладзецца плямай на ўсю Беларусь.

Гэта правакацыя хутчэй за ўсё была часткай не беларускага сцэнару, - так акрэслівае падзеі на Плошчы палітолаг Алесь Лагвінец.

РР: Што вы маеце на ўвазе?

- Людзі, якія пачалі ламаць дзверы Дому Ўраду відавочна выконвалі нейкі сцэнар, у якім не зацікаўленыя дэмакратычныя сілы ў Беларусі, і які не адпавядае інтарэсам беларускай дзяржавы.

РР: Мы працягваем атрымліваць паведамленні аб затрыманнях. Адключаны тэлефон прэс-сакратара Ўладзіміра Някялева – Юліі Рымашэўскай.Затрыманы палітолаг Аляксандр Фядута. У невядомым кірунку са шпіталю быў вывезены Ўладзімір Някляеў. Ці такія рэчы магчымыя ў еўрапейскай краіне?

- Вядома, немагчыма. Такія павальныя арышты не маюць пад сабой глебы. Улада празмерна выкарыстоўвае сілу. Але я лічу, што ўлада мае ўсе інструменты для таго, каб расследаваць тую правакацыю, што адбылася ля Дому ўраду.

РР: Ужо была рэакцыя Ежы Бузка, старшыні Еўрапарламенту, таксама Амерыканскай амбасады ў Мінску. На вашу думку ці нехта яшчэ выкажацца ў гэта справе? Ці магчыма гэтыя выказванні будуць больш стрыманымі?

- Я думаю так ці інакш пра сітуацыю ў Беларусі будуць выказвацца прадстаўнікі асноўных еўрапейскіх інстытуцыі ці еўрапейскіх дзяржаў. Відавочна, што прысутнасць міжнародных назіральнікаў і міжнародных журналістаў адлюстроўвае ўвагу да Беларусі і ацэнка таму, што адбылося ўчора ўвечары і працягвалася ўначы, будзе зроблена.

РР: Перад самімі выбарамі перад асноўным днём галасавання неаднаразова адзначалася, што выбарчы працэс выглядае больш ліберальным, але гэта акцыя змяніла агульнае ўражанне. Пры гэтым, як зазначаюць эксперты Еўропа апынулася не ў вельмі прывабным становішчы і не ведае, што рабіць. На вашу ці палітыка наладжвання адносін з афіцыйным Мінскам працягнецца? Ці на нейкі час усё ж будзе прыпыненая?

- У нядобрым святле апынуліся ўсе: беларускі рэжым, які сфальсіфікаваў вынікі. І дэмакратычная супольнасць, якая не змагла прадухіліць правакацыі. І таксама заходнія палітыкі, якія працягвалі руку дапамогі можа і не столькі дыктатару Лукашэнка, а беларускаму народу. Трэба адрозніваць тое, што з’яўляецца інтарэсам сённяшняга кіроўнага клану, які пры дапамозе фальсіфікацыі зноў застаўся пры ўладзе ў краіне, і што з’яўляецца доўгатэрміновым інтарэсам незалежнай, дэмакратычнай Беларусі.

Гутарыў Зміцер Косьцін
Гутарку цалкам слухайце ў прыкладзеным файле.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя