Вызначана шасьцёрка прэтэндэнтаў на прэмію Гедройца


11 лютага стаў вядомы кароткі сьпіс прэтэндэнтаў на сёлетняга ляўрэата літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. У яго ўвайшлі Сяргей Балахонаў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Уладзімер Някляеў, Людміла Рублеўская і Юры Станкевіч.


Пра сваё рашэньне журы паведаміла журналістам на адмысловай імпрэзе ў амбасадзе Рэспублікі Польшча. Менавіта польскі амбасадар Лешак Шарэпка — ганаровы старшыня журы. Зь ягонай ініцыятывы прэмія і паўстала два гады таму. Сузаснавальнікамі сталі Беларускі ПЭН-Цэнтр, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і ЗАТ «Сомбелбанк».

На сёлетняе ляўрэацтва заяўкі падалі аўтары сарака трох кніг, якія былі выдадзеныя ў 2012 годзе. Зь іх месяц таму журы склала лонг-ліст, з дванаццаці намінантаў.

Абвяшчэньне і ўшанаваньне пераможцы(-аў) адбудзецца 1 сакавіка. Сярод узнагародаў — магчымасьць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпэндыі і запрашэньні ў эўрапейскія дамы творчасьці.

Паводле Радыё Свабода, gedroyc.by


Крыніца: "Будзьма беларусамі!"