|
|
Жорсткі погляд крытыка, што шукае і не можа знайсці ў беларускай прозе гармонію паміж жаночым і мужчынскім светам.
Пакахай мяне стэрэатыпна
Возьмем для пачатку Караткевіча. З яго ўвогуле зручна пачынаць, бо, назваўшы Караткевіча сваім усім, мы вызначаем для сябе пункт адліку. Якія пары з яго твораў тут жа прыходзяць нам у галаву? Мужны і справядлівы Андрэй Беларэцкі і тонкая, трапяткая, бездапаможная Надзея Яноўская. Справядлівы і мужны Юрась Братчык і бездапаможная, трапяткая і тонкая Анея. Але чаго мы прычапіліся да Караткевіча? У яго, ды і ў гістарычнай літаратуры ўвогуле свае правілы. У ранейшы час зазіраць не будзем, бо і так зразумела, што там усё як мае быць: Ганна-Васіль, Лабановіч-Ядвіся, Яна-Я. Паспрабуем радыкальна пераскочыць адразу ў цяперашні час.
“Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік” Юліі Шаровай: герой-спакушальнік Аляксей Грыневіч і моцная на першы погляд Ірына Рогава, якая раптам бац — і аказваецца ўсё той жа трапяткой і пакрыўджанай у дзяцінстве дзяўчынкай, якую трэба лекаваць і ратаваць. Добра, “Шабаны” Альгерда Бахарэвіча. Разгубленая Сіманенка, якая пасля знікнення мужа не вельмі ўяўляе, што рабіць, і ідзе па руках яго братоў. Пра гераінь Юрыя Станкевіча ці Андрэя Федарэнкі ўвогуле маўчу. Як ні круці, дзяўчынкі — знізу, бо яны тонкія, звонкія і слабыя, хлопчыкі — зверху, бо дзяўчынкам у гэтым свеце без іх ніяк. Адзінае выключэнне, якое адразу ж прыходзіць у галаву і просіцца ў кадр, — аповесць “Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія” Югасі Каляды. Ура, для ломкі стэрэатыпаў чытаем Югасю Каляду.
Welcome to the real world, baby…
…і ты зразумееш, што гэты свет належыць мужчынам. Прынамсі, калі верыць беларускім літаратарам абодвух полаў. Ну вось пагартаем хаця б “Менаду і яе сатыраў” Алены Брава. Здавалася б, галоўная гераіня — жанчына, а ўсё туды ж: аснова дзеяння круціцца вакол стасункаў з мужчынамі. Габрэйка Ася і татарка Нэла з’яўляюцца ў рамане Уладзіміра Някляева “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” толькі для таго, каб закружыць галовы стылягам і выйсці замуж за гэбістаў. Аўтар “Сіняй кнігі беларускага алкаголіка” Антон Кулон, не саромеючыся і не чырванеючы, піша: “Куріные мозгі” — любіў паўтараць Міхась [Стральцоў], калі гаворка заходзіла пра жаночы пол… Але што да яго меркавання аб роўні інтэлекту жанчын, то… запраўды, а раптам да Стральцова варта прыслухацца?” Давайце ўспомнім, у якім творы беларускай літаратуры дзве жанчыны размаўляюць… ну ладна, не пра ядзерную фізіку, а хаця б пра тое ж мастацтва? Раман, у якім галоўным героем была б жанчына, і пры гэтым твор не быў бы прысвечаны каханню? Ладна, хай сабе пра каханне, куды ж без яго, але хай яно не будзе адзіным сэнсам жаночага жыцця і адзінай марай палкага сэрца гераіні. Прыгадаем тут хіба што “Споведзь” Ларысы Геніюш і з вялікім рыпеннем залучым у той жа спіс “Авантуры майго жыцця” Саламеі Пільштыновай — карацей, адны ўспаміны.
Фемінізм па-беларуску
Фемінізм у беларускай літаратурнай прасторы ўспрымаецца ледзь не як лаянкавае слова. Яно і не дзіўна, бо калі беларуская аўтарка пачынае пісаць пра жанчыну, увесь фемінізм звычайна зводзіцца да таго, што ўсе мужыкі — казлы. Возьмем хаця б усё тую ж Алену Брава і яе менаду з сатырамі. Ужо сама назва сігналізуе: сатыры — яны і ёсць сатыры, што з іх узяць. Аўтарка, праўда, амаль паводле Фройда агаворваецца: менады ў грэцкай міфалогіі зусім за іх не лепшыя — вунь і Арфея разарвалі. Згаданая вышэй Югася Каляда таксама мужчынаў у сваёй аповесці карае, а вось Юлія Шарова — наадварот, гатовая памілаваць. Зрэшты, вобраз непатрабавальнага распусніка мужчынскі пол наўрад ці пацешыць. Цэлую кучу станоўчых мужчынскіх вобразаў мы знойдзем у Людмілы Рублеўскай, затое і фемінізмам там не пахне. Карацей, такі ўжо ў беларускага літаратурнага фемінізму лёс — яго альбо няма, альбо лепш бы не было.
Такіх не бяруць у раманы
Як толькі ў якім-небудзь творы раптам з’яўляецца вобраз моцнай гераіні (безумоўна, закаханай, але ўсё ж лягчэй), аўтар тут жа адсоўвае яе на задні план, каб не пачала качаць правы. Успомнім хаця б Магдаліну ў рамане Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”: аўтар відавочна аддае перавагу слабай і нашмат менш выразнай, затое мілай і пяшчотнай Анеі, на хуткую руку сплаўляючы Магдаліну першаму-лепшаму, хаця і высакароднаму шляхцічу. Якая-небудзь Бандароўна ў класічнай беларускай літаратуры здольная толькі на адзін высокі ўчынак — бясслаўна загінуць, абараняючы сваю дзявочую цноту ад злачынных замахаў. Вобраз жанчыны ў творах, якія мы чытаем у школе, не выходзіць за межы традыцыйна жаночых роляў. Ёсць яшчэ мужныя камсамолкі, але яны да нашай тэмы ўвогуле ніякага дачынення не маюць, тым больш што, нягледзячы на шчырую адданасць камунізму, перад імі ўсё адно рэгулярна паўстае дылема “каханне ці абавязак” — ну і вы зразумелі.
Аўтар і аўтарка
Ды якое тут увогуле каханне і які фемінізм, калі жанчыны ў Беларусі ўвогуле не пішуць! Разгорнем змест “Гамбургскага рахунку Бахарэвіча” — 45 эсэ пра пісьменнікаў і 5 эсэ пра пісьменніц. Адкрыем інтэрнэт-старонку з сёлетнім лонг-лістом прэміі Гедройца — 9 пісьменнікаў і 3 пісьменніцы. У мінулым годзе, што праўда, было яшчэ горш — 11 пісьменнікаў і 1 пісьменніца. Аднак ёсць надзея, што сітуацыя выправіцца проста ў нас на вачах, бо, напрыклад, вынікі за апошнія два гады па прэміі “Дэбют” паказваюць ужо трохі іншы баланс: Віталь Рыжкоў, Антон Францішак Брыль і Віктар Марціновіч супраць Наталкі Харытанюк, Вольгі Цвіркі і Насты Лабады (часопіс “ПрайдзіСвет” апусцім тут за гендэрнай нейтральнасцю). Сёлетні шорт-ліст увогуле ўражвае — 3 намінанты і 6 намінантак. І хоць кажуць, што ў літаратуру прыходзіць больш дзяўчынак, а застаецца больш хлопчыкаў, будзем спадзявацца, што гэтае меркаванне акажацца такім жа састарэлым, як і іншыя гендэрныя стэрэатыпы, і паступова забудзецца — бо перастане адпавядаць рэчаіснасці.
Ганна Янкута