|
|
У Менску абвешчаны шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца
Лешэк Шарэпка спадзяецца, што літаратурная прэмія Ежы Гедройца будзе пастаянным і важным мерапрыемствам на беларускім літаратурным полі.
- Мне вельмі прыемна адзначыць, што прэмія паступова набірае прэстыжу і адначасовы спрыяе папулярызацыі беларускай прозы. У параўнанні з мінулагоднім конкурсам, трэба падкрэсліць, што ў гэтым годзе было даслана значна больш твораў. Мы разлічваем на тое, што прэмія стане пастаянным мерапрыемствам у каляндары найбольш значных літаратурных падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. Хачу падкрэсліць, што, згодна з нашай задумкай, прэмія не мае паэтычнай афарбоўкі, хоць мы добра разумеем, што ёсць краіны, дзе ўсё мае паэтычную падаплёку.
Літаратурная прэмія Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, якая была выдадзена на беларускай мове ў жанрах "мастацкая проза”, "эсэістыка”. Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцаў адбудзецца 3 сакавіка 2013 года, у Міжнародны дзень пісьменніка. Прэмія складае каля 10.000 еўра.
У гэтым годзе ў шорт-ліст прэміі ўвайшлі Сяргей Балахонаў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Уладзімір Някляеў, Людміла Рублеўская і Юры Станкевіч.
* * *
Паводле старшыні Саюза пісьменнікаў Барыса Пятровіча, сябры журы былі амаль шакаваныя вынікамі галасавання, бо "шасцёркі" лепшых у кожнага былі каардынальна адрозная адна ад адной.
Але, як зазначыў у інтэрв'ю Рацыі старшыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч, выбар можна лічыць аб'ектыўным, бо ён адпавядае галоўнаму патрабаванню - ацэнка прозы па якасці, а не па нейкіх іншых крытэрах.
- Гэта істотна, што не гендар, не палітычная апазіцыя, не месца працы, не эстэтыка, не ўзрост, не тусоўка, не менска-цэнтрычнаць – сёлета поўная разнастайнасць. Пісьменнікі могуць быць супрацлеглымі акрамя аднаго – яны ўсе ўмеюць добра пісаць. За кожнага з гэтай шасцёркі і многіх па-за шасцёркай “зуб дам”, што называецца, усе яны майстры, якія ўмеюць пісаць прозу.
У шорт-ліст прэміі Ежы Гедройца ўвайшлі:
1. Сяргей Балахонаў "Зямля пад крыламі Фенікса".
2. Альгерд Бахарэвіч "Гамбургскі рахунак".
3. Адам Глобус "Сказы".
4. Уладзімір Някляеў "Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без".
5. Людміла Рублеўская "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега".
6. Юрый Станкевіч "Шал".
Нагадаем, у мінулым годзе прэмію Гедройца атрымаў Павал Касцюкевіч за кнігу "Зборная РБ па негалоўных відах спорту". Прэмія складае каля 10.000 еўра.
У журы гэтага году ўвайшлі Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Павал Касцюкевіч, Ганна Кісліцына, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Малгажата Бухалік, Пётр Казакевіч, Адам Паморскі, Лешак Шарэпка.
* * *
У спіс з шасці намінантаў на атрыманне літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ўвайшлі кнігі Сяргея Балахонава, Альгерда Бахарэвіча, Адама Глобуса, Уладзіміра Някляева, Людмілы Рублеўскай і Юрыя Станкевіча. Пра гэта паведаміў сябра журы Валянцін Акудовіч. На яго думку, вызначаць гэтую шасцёрку было вельмі складана: у кожнага з сяброў журы былі свае фаварыты.
Валянцін Акудовіч:
- Сябры журы па-рознаму нацэльваліся на розныя творы і дзіўна было б, каб усе мы, даволі адукаваныя ў літаратуры людзі, мелі аднолькавы погляд на кожную з’яву і падзею. Тут яшчэ трэба адзначыць, што ў шорт-лісце толькі 6 пазіцый, а ў гэтым годзе было багата аўтараў, якія рэальна прэтэндавалі на гэтае месца ў шасцёрцы.
Прозвішчы намінантаў на атрыманне прэміі імя Ежы Гедройца былі названыя ў амбасадзе Рэспублікі Польшча. Менавіта па ініцыятыве польскага амбасадара Лешака Шарэпкі, які з'яўляецца ганаровым старшынём журы, і паўстала прэмія.
Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцы адбудзецца 1 сакавіка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
У польскай амбасадзе вырашаецца, хто з лонг-ліста беларускіх аўтараў трапіць у кароткі спіс на атрыманне напрыканцы сакавіка літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Як менавіта будзе праходзіць вызначэнне спісу намінантаў, паведаміў сябра журы Валянцін Акудовіч:
– Журы вызначыць шорт-ліст. Гэта будзе адбывацца ў амбасадзе Рэспублікі Польшча. Затым другі этап. Потым адбудзецца прэс-канферэнцыя з гэтай нагоды, дзе выступіць амбасадар.
Заяўкі на атрыманне прэміі Ежы Гедройца падавалі аўтары каля сарака кнігаў, выдадзеных ў мінулым годзе. З іх месяц таму журы склала спіс з 12-і намінантаў, а сёння гэты спіс скароціцца напалову.
Прэмія Гедройца дасць магчымасць яго атрымальніку выдаць кнігу ў Польшчы, атрымаць літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.
* * *
Спіс кандыдатаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца сёння будзе скарочаны напалову. 3 12-і кандыдатаў застанецца толькі 6. У польскай амбасадзе будзе абвешчаны шорт-ліст прэміі. Прозвішчы кандыдатаў агучаць падчас прэсавай канфэрэнцыі, да гэтага адбудзецца рада беларуска-польскага журы конкурсу, паведаміў старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч. Месяц таму журы вызначала лонг-ліст прэміі – 12 кніг.
– Ва ўсіх сяброў журы, як беларускіх, так і польскіх было некалькі тыдняў, каб азнаёміцца бліжэй з прэтэндэнтамі. Вочна збяруцца 6 удзельнікаў беларускага журы, завочна праз skype нас падтрымаюць сваімі думкамі польскія калегі. Напачатку ўсё вырашыць голая арыфметыка. Сакратар прэміі прасуміруе ўсе тыя балы, якія прысудзяць удзельнікі журы. Можа быць пры роўнасці пунктаў мы пакінем сабе права падыскутаваць, паспрачацца. Звычайна без такога не абыходзіцца.
Уладальнікам першай прэміі імя Ежы Гедройца стаў Павел Касцюкевіч са зборнікам апавяданняў "Зборная РБ па негалоўных відах спорту". Памер прэміі склаў 105 мільёнаў беларускіх рублёў. Узначальвае журы конкурсу амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка.
Беларускае Радыё Рацыя