|
|
Выданне кнігі пабачыла свет у Варшаве. Гэта 21-ы пераклад класічнага твора Пруса на замежную мову.
На беларускую “Ляльку” пераклала журналістка Галіна Жарко разам з мужам, прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта Міколам Хаўстовічам. Пераклад заняў некалькі гадоў. Кнігу яны выдалі за ўласныя грошы. Пакуль свет пабачыў І том. Пасля таго як наклад першай часткі будзе прададзены, выйдзе працяг: ІІ і ІІІ тамы.
Раман “Лялька” — эпічная панарама варшаўскага жыцця канца 70-х гадоў XIX ст. Герой рамана Станіслаў Вакульскі — чалавек вялікай энергіі і выдатных здольнасцяў. Дзеля багацця і высокай пазіцыі ў грамадстве ён ідзе на кампраміс з уласным сумленнем, здраджвае сваім ідэалам і пакутуе ад гэтага. А каханне да бяздушнай прыгажуні — арыстакраткі Ізабэлы Лэнцкай — толькі пагаршае яго пакуты.
Найбліжэйшым часам кніга трапіць у мінскія кнігарні і да прыватных распаўсюднікаў, інфармуе Беларуская служба Польскага радыё.