Традыцыйна Вялікдзень у хрысціянаў – найвялікшае свята года. Паколькі існуе пандэмія каронавірусу, сёлета на каталіцкае свята прыйшло значна менш вернікаў.
Праваслаўныя, якія адзначаюць традыцыйна, праз свой каляндар, другой чаргой, верагодна, таксама будуць абмяжоўваць сваю прысутнасць. Таму для вернікаў праваслаўнай Царквы ў Беларусі ёсць магчымасць адзначыць Вялікдзень не наведваючы храмы. Для гэтага будзе існаваць магчымасць назіраць трансляцыі праз тэлебачанне альбо праз сацыяльныя сеткі.
Супакойвае клірык Свята-Уладзімірскай царквы айцец Андрэй Яварэц з Гародні:
– Шмат якія храмы па Беларусі, у тым ліку і з Менску, і з Гародні будуць ладзіць трансляцыі набажэнстваў, якія можна будзе паглядзець на сайтах. Гэтыя трансляцыі ўсе будуць з каментарамі, з суправаджэннем і з магчымасцю таксама наблізіцца праз вось гэтыя далёкія адлегласці да атмасферы свята, да яго духоўнай сутнасці. Што датычыцца мажлівасці прыйсці непасрэдна ў царкву, канешне, мы, згодна з рэкамендацыямі Сінода нашай царквы, рэкамендуем тым асобам, якія ўжо ў даволі паважаным веку і знаходзяцца ў групе рызыкі, застацца. І просім іх маладых сваякоў праз гаджэты зрабіць мажлівай гэтую анлайн-трансляцыю, каб яны паглядзелі дома.
Якуб Сушчынкі, Беларускае Радыё Рацыя