На польскім ТБ “Беласток” не выйдуць беларускія праграмы

На польскім ТБ “Беласток” не выйдуць беларускія праграмы


У бліжэйшыя выходныя на польскім тэлебачанні “Беласток” не выйдуць беларускія праграмы. Усе падрабязнасці ведае беларускі журналіст, выдаўца гэтых праграм Мікола Ваўранюк.

РР: Ці даўно такое было, каб беларускія перадачы не выходзілі ў эфір?

Мікола Ваўранюк: Такога не было ад пачатку – гэта 23 гады. “Беларускі тыдзень” не з’явіўся ў эфір у палове сакавіка з прычыны каронавіруса, таму што была моцна абмежавана дзейнасць нашага аддзелу. Я гэта ўспрыняў як нармальны крок дырэктара. Але калі пачалі пакрыху размарожваць сітуацыю, я пачаў рыхтаваць праграму, якая павінна была складацца часткова з архіўных матэрыялаў, часткова з тых, якія мы запісалі перад аб’яўленнем пандэміі. І мантаж спыніў дырэктар Яўгеніюш Шпакоўскі. Які сказаў мне напрамую, што прадукцыю “Беларускага тыдня” трэба вынесці па-за польскае тэлебачанне – то бок, прапанаваў мне, каб я стаў прыватным прадзюсарам, каб я прыватызаваў гэтую праграму. Я на такое пагадзіцца не мог. Па-першае, я не лічу, што магу гэта зрабіць. А па-другое, гэтая беларуская праграма на польскім тэлебачанні “Беласток” была з самага пачатку, 23 гады была істотнай праграмай з актуальнай тэматыкай. Першыя ўзнагароды на фестывалях прынесла.

Зараз страціцца кантакт з архівам, з тэхнічнымі магчымасцямі, якія дае тэлебачанне: камеры, студыя і так далей. Можна мантаваць гэтую праграму дзесьці на прыватнай кухні, але гэта ўжо не будзе тая самая праграма. І я за яе несці адказнасць не магу. Дырэктар сказаў, што калі не я, то ён знойдзе вонкавага прадзюсара. Усё паказвае на тое, што да гэтай нядзелі яго не знайшлі. І праграмы не будзе. Я прапанаваў, хай ён шукае таго прадзюсара, а я буду рабіць у той час на такіх прынцыпах, на якіх мы дамаўляліся. Я выконваю ўсе распараджэнні дырэкцыі адносна скарачэння часу працы, я там магу быць кожны другі дзень, не сустракаюся з трэцімі асобамі, цяпер магу быць у масцы. Я тры-чатыры разы накіроўваю тую просьбу, каб я мог закончыць праграму на бліжэйшую нядзелю. Але не атрымаў такой згоды.

РР: А з чым гэта звязана, толькі з каронавірусам і гэтым каранцінам? Ці гэта можа быць такая агульная тэндэнцыя?

Мікола Ваўранюк: Я не ведаю. Трэба гэтае пытанне ставіць дырэктару польскага тэлебачання „Беласток” Яўгеніюшу Шпакоўскаму, а не мне, паколькі тут мая роля заканчваецца. Я на змену прынцыпаў, на якіх мае выходзіць гэтая перадача, не пагадзіўся, гэта ўжо не мая справа, як ён арганізуе выхад “Беларускіх тыдняў”, ці гэта будзе новая праграма, ці яе ўвогуле можа не быць. Я не ведаю, з чым гэта звязана. Я не прыкладу рукі да таго, каб тая праграма была вынсеная навонкі Польскага тэлебачання. Беларуская тэматыка, інтэгральная частка рэгіёну, інтэгральная частка беластоцкага асяродку Польскага тэлебачання, і кожная іншая развязка будзе са стратай і для праграмы і для Беластоцкага тэлебачання. Тое, што беларуская меншасць жыве тут на Падляшшы, між іншым, вырашыла таксама тое, што гэты асяродак тут стварыўся ў 1996 годзе. Тады нават была вострая канкурэнцыя дзе польскаму тэлебачанню адкрываць новы рэгіянальны тэлецэнтр – у нас, ці ў Ольштыне. Перамагло тое, што беларускія дзеячы сабралі 10 тысяч подпісаў ад жыхароў ваяводства за тое, каб такі асяродак узнік, і каб былі такія праграмы.

Людзі даверылі, паставілі свае подпісы за праграмы, якіх яшчэ не было. Потым і водгукі ад гледачоў і ўзнагароды, і колькі людзей прайшло праз гэтыя праграмы, якія таксама здабывалі лаўры на фестывалях ў Польшчы і на міжнародных. І ўсё гэта адным непрадуманым рашэннем можна перакрэсліць.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя