11 лютага - дзень нараджэння Напалеона Орды

11 лютага - дзень нараджэння Напалеона Орды


У Іванава, што на Берасцейшчыне, адзначаюць чарговыя ўгодкі Напалеона Орды. Знаны ў свеце мастак, кампазітар і педагог нарадзіўся 11 лютага 1807 году ў Варацэвічах, дзе цяпер месціцца музейны комплекс творцы.

Акрамя творчай дзейнасці, Напалеон Орда пакінуў след у грамадскім жыцці краіны. За ўдзел у вызваленчым паўстанні 1830-1831 гадах узнагароджаны ордэнам “Воінскай доблесці”, вышэйшай ваеннай ўзнагародай Польшчы.

Дырэктар музейнага комплексу Дзмітрый Казак адзначае, што родныя мясціны мастака карыстаюцца попытам у турыстаў, таму комплекс па магчымасці пашыраецца.

- Прымаем, прыкладна, ад 7 да 8 тысяч наведвальнікаў Карціннай галерэі штогод. Карцінная галерэя ў нас цяпер складаецца з пяці залаў. З-за таго, што ў нас няма музея самога Орды, тры залы прыставаныя пад сталую экспазіцыю, прысвечаную Ордзе. Ёсць мемарыяльны пакой, дзе можна даведацца яго біяграфію, а другія два залы прысвечаны яго творчасці – як мастака і музыкі. У іншых двух залах у нас праходзяць розныя зменныя выставы.

Адзначэнне ўгодкаў знанага земляка ў Іванава ўжо стала добрай традыцыяй. Калі гэта не юбілеі, як сёлета, то святкуюць больш сціпла, сваім колам у мясцовым культурным цэнтры. Летась 205-годдзе Напалеона Орды адзначылі вялікім канцэртам, плэнэрам і фэстам.

Юрась Палескі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя