Беларускія мастакі і фатографы збіраюць грошы для медыкаў

Беларускія мастакі і фатографы збіраюць грошы для медыкаў


Дабрачынны аўкцыён «Дзякуй!» стартаваў на інтэрнэт-пляцоўцы kufar.by 15 красавіка.

Як паведамляюць арганізатары, усе сабраныя сродкі будуць накіраваныя адрасна на дапамогу медыкам, якія змагаюцца з распаўсюдам COVID-19 у Беларусі.

– У аўкцыёне бяруць удзел больш за сотню сучасных беларускіх мастакоў і фатографаў. Ініцыятарамі дабрачыннага продажу выступілі вядомы мастак Руслан Вашкевіч і арт-дзяячка Аліна Саўчанка. Сярод лотаў творы як знаных персон – братоў Паўла і Уладзіміра Кандрусевічаў, Міхаіла Баразны, Сяргея Балянка, Уладзіміра Качана, так і пачаткоўцаў. Стартавыя кошты – ад 20 рублёў да 1.300, мінімальная стаўка – 10 рублёў. Варта зазначыць, што некаторыя лоты за першы дзень добра падняліся ў цане.

Аўкцыён працягнецца тыдзень, стаўкі прымаюцца да 10-й раніцы 22 красавіка. Атрымаць куплены лот пераможца зможа пасля таго, як пералічыць грошы на любы з прапанаваных праектаў дапамогі медыкам ці медычнай установе.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя