«Чытаць я хацеў!»: Купалаўскі тэатр запусціў новы online-праект


Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы працягвае пашыраць сваю прысутнасць у online-прасторы.

Пасля паспяховых праектаў «Купалаўскі online» і «Купалаўскі дома», які ахапіў больш за 65 000 гледачоў па ўсім свеце, Купалаўскі тэатр падрыхтаваў прыемнасць для тых, хто засумаваў па нашым артыстам.

«Чытаць я хацеў!» — гэта серыя чытанняў ад акцёраў тэатра ў акаўнце Купалаўскага тэатра ў Instagram, далучыцца да якіх можна будзе штовечар а 20.00. Запісы чытанняў таксама будуць даступныя на YouTube-канале тэатра. Кожны дзень з купалаўцамі ў рубрыцы «Чытаць я хацеў!» можна будзе паслухаць творы беларускіх ды замежных пісьменнікаў і паэтаў.

Першае чытанне прайшло 15 красавіка а 20.00 — артыстка тэатра Марта Голубева прачытала ўрыўкі з паэмы «Дзяды» Андрэя Хадановіча. Першае відэа з серыі за адзін вечар убачылі больш за 1 300 чалавек. Шмат удзячнасцяў ад гледачоў мы атрымалі ў каментарах у сацыяльных сетках тэатра і на YouTube-канале. Наступны выхад у эфір з чытаннямі адбудзецца ўжо сёння, 16 красавіка. Павел Харланчук-Южакоў прачытае ўрывак з рамана Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя».

Каб не сумаваць дома, Купалаўскі тэатр прапануе далучыцца да чытанняў сваіх улюбёных апавяданняў разам з нашымі артыстамі. Наперадзе — Міхась Зуй, Раман Падаляка з фрагментам кнігі Андрэя Горвата «Прэм’ера», Антаніна Дубатоўка прачытае некалькі апавяданняў са зборніку Адама Глобуса «Гісторыі пра Мінск і ваколіцы», Павел Паўлюць — «Мяшчане ў густой пары» Кузьмы Чорнага, Яўгенія Кульбачная прачытае ўрывак з п’есы «Сляпая зорка» Мікалая Рудкоўскага, Андрэй Кавальчук прадставіць фрагмент паэмы «Сымон музыка» Якуба Коласа.

Далучайцеся і слухайце штовечар ў Instagram і YouTube Купалаўскага тэатра, разам весялей!

Усе падрабязнасці шукайце на сайце kupalauski.by і ў сацыяльных сетках тэатра.

Будзьма беларусамі!

Крыніца: Будзьма беларусамі!