На Берасцейшчыне пачаліся мерапрыемствы да 70-годдзя Ніны Мацяш

На Берасцейшчыне пачаліся мерапрыемствы да 70-годдзя Ніны Мацяш


На Берасцейшчыне стартавалі мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю Ніны Мацяш (1943-2008). Вядомая беларуская паэтка і перакладчыца нарадзілася ў верасні 1943 года ў вёсцы Нівы, што ў Бярозаўскім раёне.

Саюз пісьменнікаў пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца аб’явіў на Берасцейшчыне літаратурны конкурс сярод дзяцей і юнакоў “Без дружбы мне – як без вады і хлеба”, а сябры Саюзу пісьменнікаў пад кіраўніцтвам Барыса Пятровіча падымаюць пытанне стварэння музею ў кватэры паэткі.

Пісьменнік Алесь Паплаўскі ўпэўнены, што будучыня спадчыны Ніны Мацяш залежыць ад яе паплечнікаў:

- Шмат што не надрукавана, шмат што надрукуецца. Я думаю, што ёсць што друкаваць – і ўспаміны, і лісты, таму тут праца яшчэ вялікая, і ў першую чаргу гэта будзе залежыць ад тых людзей, хто быў блізка знаёмы з ёю, хто захоўвае яе спадчыну.

Пасля смерці паэткі ў снежні 2008 года, пытанні пра стварэнне музею абмяркоўвалі і прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі. Стварыць музей Ніны Мацяш планавалася ў яе кватэры, якая цяпер належыць родзічам.

Юрась Палескі, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя