Як арт-паб «Торвальд» забяспечвае абедамі віцебскіх медыкаў
Сёння ўстановы грамадскага харчавання практычна пустыя: ва ўмовах эпідэміі каронавірусу наведнікаў няма, дый рэжым працы, паводле рашэння віцебскага гарвыканкаму, істотна скарочаны.
Культавая віцебская кавярня, дзе ўжо 5 гадоў стала праводзяцца беларускамоўныя імпрэзы, канцэрты, працуюць курсы «Мова нанова», перайшла на працу ў іншым фармаце: тут гатуюць абеды для віцебскіх лекараў – супрацоўнікаў інфекцыйнай лякарні і аддзялення камп’ютарнай тамаграфіі абласнога дыягнастычнага цэнтра.
У меню – традыцыйныя беларускія стравы і абавязковы «вітамінны дадатак», кажа гаспадар арт-паба «Торвальд» Віталь Броўка: – У меню, да прыкладу, гарбузовы суп, дранікі з мачанкай, дэсерт і садавіна – апельсін ці банан. Цяжка вызначыць сабекошт, але гэта прыблізна 5-6 рублёў. Паводле меню «Торвальда», гэта каштавала б рублёў 25. Але мы не імкнемся атрымаць прыбытак, нават капейку!
Паводле Віталя Броўкі, ва ўсіх супрацоўнікаў быў выбар: пайсці ў самаізаляцыю ці працягваць працаваць. Ахвотныя дапамагаць лекарам знайшліся: штодня абеды гатуюць трое супрацоўнікаў. Гаспадар кавярні займаецца закупкай прадуктаў і развозіць гатовую ежу на ўласным аўто. Грошы на абеды для медыкаў збіраюць праз інтэрнэт-платформу molamola. Ахвяраваныя сродкі ідуць выключна на набыццё харчоў – заробкі працаўнікам і выдаткі на ўтрыманне кавярні гаспадар плаціць сам.
«Цяпер Віцебск – па афіцыйных і неафіцыйных звестках – знаходзіцца ў цяжкім стане з-за вялікай колькасці хворых і патэнцыйна хворых на COVID-19. Паколькі забаўкі і пасядзелкі ў пабах цяпер проста небяспечныя, мы хочам зрабіць усё магчымае для нас і дапамагчы тым, каму цяпер цяжэй за ўсіх, – медыкам нашага горада, якія кожны дзень рызыкуюць сваім здароўем і дапамагаюць захаваць жыццё іншых віцебчукоў», – напісана ў звароце да патэнцыйных ахвярадаўцаў.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя