Белроку споўнілася 52 гады

Белроку споўнілася 52 гады


12-14 красавіка 1968 года ў Менску праходзіў Першы фестываль біт-ансамбляў сталіцы. Сапраўды першы фэст такога стылёвага кірунку нават у межах СССР.

Пасля адборавага туру ў асноўным конкурсе прынялі ўдзел 12 студэнцкіх ансамбляў. Галоўнымі пераможцамі сталі «Рэфлексы», «Дойліды» і «Алгарытмы».

Згадвае рытм-гітарыст апошніх, нараджэнец Берасця Пятро Вярлыга.

– Гэта была ініцыятыва знізу. Мы выйшлі на кіраўніцтва РТІ. Па тым часе не ўсё можна было, тым больш такое мерапрыемства. Узялі на сябе смеласць. Атмасфера на фестывалі, канешне, была выбуховая. Нават зафіскаваныя такія выпадкі, што дзяўчыны па вадасцёкавай трубе залазілі праз мужчынскі туалет. Не хапала для ўсіх білетаў.

Дакументальны фільм «13-ты маршрут», зняты падчас Першага фестывалю біт-ансамбляў Менску, некалькі разоў перарабляўся, быў забаронены да дэманстрацыі, доўга ляжаў у архіве, а пасля знішчаны разам з сыходнымі матэрыяламі. Адну копію паспеў схаваць дома аператар Эдуард Гайдук. Таму цяпер яе можна пабачыць у Сеціве.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя