|
|
Сёлета з'явіцца бібліятэчка часопіса «Верасень»
Часопіс «Верасень» адзін з самых маладых літаратурных перыёдыкаў у Беларусі. Нядаўна яму споўнілася тры гады. Галоўны рэдактар выдання, паэт Эдуард Акулін, паведаміў, што ён з аптымізмам глядзіць у будучыню і бачыць перспектыву свайго выдання. Сярод сёлетніх планаў – заснаваць бібліятэчку часопіса «Верасень».
- Я нават бачу, як пачнецца гэта бібліятэка. Справа ў тым, што не так даўно – паўтара года таму, мы з Алесем Бяляцкім знайшлі рукапіс першага студэнцкага невыдадзенага зборніка Анатоля Сыса, які называецца «Берагі майго юнацтва». Вось у мяне з'явілася мара, і я думаю, што ў гэтым годзе яна ажыццявіцца, менавіта з гэтага зборніка заснаваць бібліятэчку часопіса «Верасень».
Часопіс «Верасень» быў заснаванны як выданне для маладых літаратараў. За тры гады дзейнасці склаўся актыў аўтараў перыёдыка. Сярод першых Эдуард Акулін хацеў бы выдаць кнігі Алеся Емяльянава, Паўла Баяркі, Насты Грышчук.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя