Ці з'явіцца ў Міхалове, што на Падляшшы, вуліца Міколы Гайдука?

Ці з'явіцца ў Міхалове, што на Падляшшы, вуліца Міколы Гайдука?


Прадстаўнікі беларускага асяроддзя Беласточчыны хочуць ушанаваць памяць ураджэнца ваколіц Міхалова Міколы Гайдука - педагога, публіцыста, аўтара гістарычных эсэ і вершаў. Грамадскасць звярнулася да бурмістра Міхалова, каб надаць адной з вуліц імя гэтага заслужанага дзеяча. З такой прапановай выступілі супрацоўнікі кафедры беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэта, а таксама прадстаўнікі рэдакцый часопісаў з якімі супрацоўнічаў Гайдук.

Па словах Алены Глагоўскай з кафедры беларускай культуры, - дзе, як не на малой бацькаўшчыне ўшаноўваць памяць такіх адданых беларускай справе асобаў:

- Ягоныя апавяданні прысвечаныя дзяцінству, роднай зямлі. У гістарычным сэнсе – гэта важныя дакументы свядомасці, часу калі Гайдук там жыў. Мікола Гайдук таксама збіраў песні Міхалоўскай гміны.

Па словах прэс-сакратара бурмістра Міхалова Юліты Неплох-Сітніцкай, - каб надаць вуліцы імя Міколы Гайдука, патрэбная ініцыятыва саміх жыхароў гміны:

- Варта было б заангажаваць людзей з розных асяроддзяў, перадусім гэта школы, таксама гэта можа быць “Towarzystwo Przyjaciół Ziemi Michałowskiej”, Гмінны цэнтр культуры. Можа варта было б пачаць з адукацыі жыхароў, з апытання, ці такая асоба насамрэч на столькі вядомая.

Мікола Гайдук нарадзіўся 29 мая 1933 года ў Кабылянцы, што недалёка Міхалова. Сёлета спаўняецца 80-ая гадавіна з дня яго нараджэння і 15-годдзе з дня смерці.

Публікаваўся Гайдук ў “Ніве”, “Czasopise”, “Przeglądzie Prawosławnym”, быў дырэктарам Беларускага ліцэя ў Бельску-Падляшскім і аўтарам падручнікаў па беларускай мове. Сёлета ў чэрвені адбудзецца навуковая канферэнцыя прысвечаная Міколе Гайдуку, якая пройдзе ў белліцэі ў Бельску-Падляшскім.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя