У Менску прэзентавалі зборнік заходнеўкраінскай прозы

У Менску прэзентавалі зборнік заходнеўкраінскай прозы


Дзеля перакладу на беларускую мову Юры Кур'яновіч выбраў сучаснікаў - Івана Грэкуляка і Наталлю Радыш з Івана-Франкоўскай вобласці, а таксама прозу сына вялікага Івана Франко - Пятра.

Нягледзячы на адсутнасць шырокай рэкламы, жадаючых наведаць імпрэзу ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры ледзь умесціла зала.

Распавядае перакладчык Юры Кур'яновіч:

- Гэта добрая ўкраінская проза. Гэтыя людзі не з’яўляюцца сябрамі нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны, гэта проста людзі, але творчыя асобы. Яны пішуць, жывуць на зямлі, граюць на музычных інструментах, ходзяць у краму, спяваюць – жывуць звычайным жыццём. Але ў іх дар пісаць. Пісаць жывым украінскім словам. І калі гэта шчыра, то заўсёды гэта даходзіць да сэрца людзей.

Дарадца амбасады Украіны ў Беларусі па гуманітарных пытаннях Васіль Бондар зазначыў у інтэрв'ю Рацыі, што нават не спадзяваўся на такую цікавасць да ўкраінскай прозы, тым больш лакальна прывязанай да невялікага рэгіёну Пакуцце, што на захадзе Украіны.

Васіль Бондар:

- На колькі было прыемна пачуць добрыя словы ад вядомых і малавядомых, асабіста для мяне, беларускіх пісьменнікаў, матацтвазнаўцаў, мастакоў. І пачуць ад маладога перакладчыка Юрася Кур’яновіча вельмі шмат прыемнага пра Украіну, пра ўкраінскіх таленавітых і таксама малавядомых пісьменнікаў.

На думку Васіля Бондара, менавіта такія праекты аб'ядноўваюць беларусаў і ўкраінцаў, нацыі з вельмі няпростым лёсам.

Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя