|
|
Самая маладая з сучасных беларускіх пісьменніц удала дэбютавала ў мінулым годзе з прыгодніцкім раманам для падлеткаў "Адваротны бок люстра". Хаця сама кніга была напісаны крыху раней - калі Ксеніі Шталянковай было 16 год. Кніга "Адваротны бок люстра" напісаная, можна сказаць, падлеткам для падлеткаў, і ў гэтым годзе ўвайшла ў шорт-ліст прэміі "Дэбют".
Між тым, як паведаміла Рацыі Ксенія Шталянкова, хутка будзе гатовы працяг першай кнігі. Гэтым разам сучасная дзяўчынка Бася і шляхціч Міхал Саколіч з Сярэднявечча блукаюць ужо бліжэй да нашых часоў - напярэдадні Першай Сусветнай вайны.
- Гэта будзе працяг. Міхал трапляе ў Басін час і іхнія прыгоды працягваюцца ўжо ў сучаснасці. Але колькі прыгод у іншым часе таксама будзе. Але ўсё ж такі не так далёка, як у першай кнізе. Гэта будуць прыгоды ў пачатку 20 стагоддзя. Жорскіх тэрмінаў няма, але магу сказаць, што засталося дапісаць толькі два з паловай раздзелы. У мяне зараз пачаліся вакацыі, маю тры тыдні каб скончыць кніжку.
Пісаць працяг Ксенію натхніла ў тым ліку і чытацкая рэакцыя на "Адваротны бок люстра":
- Я б сказала, што водгук быў нашмат большым, чым я сама магла спадзявацца. Я не чакала, што будзе такі розгалас, бо былі людзі, каму спадабалася і каму не спадабалася. І розныя былі меркаванні і ўвогуле было вельмі прыемна і нечакана, што такая рэакцыя была. Бо сапраўды такое нешта незвычайнае.
Паводле Ксеніі Шталянковай, працяг мусіць выйсці з друку ўжо ў гэтым годзе.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя