![]() |
![]() |
У шмат якіх беларускіх падручніках вялікая насычанасць русіфікатарскіх тэрмінаў і чужынскай лексікі.
Тыповых парушэнняў сістэмы нашай мовы ў падручніках для сярэдняй школы вельмі багата, згадваў пра гэта яшчэ прафесар Павал Сцяцко ў сваёй кнізе „Культура мовы”.
Асабліва крыўдна носьбітам беларускай мовы, якія ёю карыстаюцца ў паўсядзённым жыцці. Кажа маці чатырох вучняў з Гародні спадарыня Аксана Астроўская:
– І дзяцей маіх, і мяне абураюць такія факты, калі ў беларускамоўных падручніках сустракаюцца яўна рускія словы. Ёсць аналагі беларускія, якія звычайна выкарыстоўваюцца, але чамусьці ў падручніках выкарыстаны рускія аналагі, проста беларускімі літарамі напісаныя.
Таварыства Беларускай мовы павінна сур’ёзна змагацца за чысціню роднай мовы, – мяркуе маці навучэнцаў беларускіх класаў Гародні. Але асноўная прычына ў засьмечанасці беларускіх нарматыўных слоўнікаў, на якія абапіраюцца аўтары і рэдактары беларускіх падручнікаў.
У падручніках актыўна выкарыстоўваюцца русіфікатарскія словы: „скорасць”, замест – „хуткасць”, „састаўце”, замест – „складзіце”, „індуцыраваныя”, замест – „індукаваныя”, „прамавугольнікі”, замест – „прастакутнікі”, „трохвугольнікі”, замест – „трохкутнікі”, і г.д.
Замест „малюнка” даюць у падручніках „рысункі”, „хвіліны” замяняюць „мінутамі”, беларускія словы „выкарыстанне”, „ужыванне,” падмяняюць „прымяненнем”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня