Беларусы складуць спіс любімых амерыканскіх кніг


Першы дзень Міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша адзначыўся афіцыёзам з караваем ды аркестрам, прэзентацыяй кнігі Якуба Брайцава «Сярод балотаў і лясоў», напісанай у 1916 годзе, сарваным выступам Уладзіміра Някляева, а таксама прадстаўленнем 88 кніг, якія сфармавалі Амерыку, на стэндзе амбасады ЗША.


У гэты спіс увайшлі самыя розныя аўтары — ад класікаў амерыканскай літаратуры Джэрома Сэлінджэра, Марка Твена, Эрнеста Хэмінгуэя, Уільяма Фолкнера да псіхолага Дэйла Карнегі альбо знакамітага педыятра Бенджаміна Маклейна Спока. Прэзентаваў калекцыю часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, а таксама аташэ па пытаннях інфармацыі, адукацыі і культуры Кэры Лі. Адказваючы на пытанні карэспандэнта budzma.org, яна адзначыла:

«Мы вельмі ганарымся гэтай выставай. Гэты адмысловы кейс быў падрыхтаваны бібліятэкай  Кангрэсу ЗША (якая дэ-факта з’яўляецца нашай нацыянальнай бібліятэкай). Вельмі важна, што на выставе сабраныя не самыя папулярныя кнігі Амерыкі, а тыя, што паўплывалі на станаўленне амерыканскай нацыі і культуры. Менавіта таму тут ёсць кнігі, якія не будуць вядомыя шараговаму амерыканцу.  Для нас істотна не проста паказаць гэты спіс, але прапанаваць людзям дадаць у яго свае пазіцыі,  каб бачыць, як успрымаюць літаратуру ЗША тут, у Беларусі».

Суразмоўца пагадзілася з тым, што на фоне актыўнай дыскусіі вакол геаграфічнага брэндынгу ў Беларусі менавіта адметная нацыянальная культурная і літаратурная спадчына краіны мусяць быць ягонай платформай. Пацверджаннем шчырасці словаў і ёсць арганізаваная амерыканцамі выстава, якая прадугледжвае адукацыйна-аналітычны экскурс у гісторыю Амерыкі, а не фармат «The best of USA». А каб лепей зразумець беларусаў, Кэры Лі і часовы павераны ў Беларусі Ітан Голдрыч пачалі вывучаць беларускую мову.

«Нягледзячы на тэлебачанне ды інтэрнэт, шмат для каго менавіта літаратура робіцца «выбухам», з якога пачынаецца цікавасць да той ці іншай краіны. Літаратура — гэта рэфлексія над усімі ўнутранымі падзеямі і рэаліямі, і таму менавіта  яна  робіцца «акном у краіну», стварае першыя і галоўныя ўяўленні пра край у людзей з усяго свету.  Гэта можа быць пераклад,  а можа быць нават кніга ў арыгінале.  Пісьмовае слова заўжды будзе кранаць людзей мацней за любую іншую з’яву, як бы ні змяняўся фармат кнігі», — лічыць спадарыня Лі.

Акцыя амбасады ЗША зацікавіла наведнікаў выставы. Людзі ахвотна правяралі свае літаратурныя веды, адказваючы на пытанні на кампутарах, і выводзілі на дошцы імёны любімых амерыканскіх аўтараў: Драйзер «Амерыканская трагедыя», Фіцджэральд «Вялікі Гэтсбі», Хэмінгуэй «Стары і мора» (хтосьці нават падмаляваў выяву чалавечка ў чоўне), Харпер Лі «Забіць перасмешніка».

Тут жа, на стэндзе пасольства, можна паўдзельнічаць у конкурсе «Кніга, якая паўплывала на мяне», запісаўшы відэааповед пра знакавы для сябе амерыканскі твор. А да 20 лютага пазмагацца за прыз пасольства ЗША можна і на старонцы яго інфармацыйнага цэнтра ў фэйсбуку, унёсшы такім чынам сваю амерыканскую кнігу ў спіс папулярных сярод беларусаў.

Аляксандра Дорская, Алесь Плотка

Крыніца: "Будзьма беларусамі!"