Кніга пра вёску Ліпляны

Кніга пра вёску Ліпляны


Рыхтуюцца прэзентацыі ўнікальнага выдання пра беларускую вёску. Гэта бадай самае поўнае даследаванне асобна ўзятай вёскі.

Кніга пра Ліпляны Лельчыцкага раёна была ідэяй яе ўраджэнца Ігара Жабароўскага.

– Калі чалавек цікавіцца гісторыяй свайго роду, сваёй малой радзімы, то відавочна яму цікавая гісторыя ў прынцыпе. Гэта праца вельмі вартая ўвагі. З усіх прац пра вёскі, якія я бачыў, мне здаецца, гэтая адна з найлепшых. Пра гэта гавораць людзі, якія ўжо бачылі кнігу.

Неўзабаве адбудуцца дзве прэзентацыі кнігі. Адна ў саміх Ліплянах, што ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, другая ў Менску. Кажа выдавец кнігі Алесь Квіткевіч:

– Самае важнае – паказаць у сталіцы, сёння ўжо нашчадкам людзей з розных рэгіёнаў, што ёсць цікавага і непаўторнага менавіта ў гэтым куточку беларускага Палесся. Зараз рыхтуем даволі насычаную праграму разам з Сержуком Доўгушавым, іншымі ўдзельнікамі, кніга яшчэ ўнікальная тым, што яна ўтрымлівае дыск з фільмам пра вёску і спевамі. Будзе што і паслухаць, і пабачыць.

Кнігу напісала Вольга Іванова, якая карпатліва збірала ўспаміны жыхароў вёскі. Многіх ужо няма на свеце, а тых, хто паходзіць з Ліплянаў або проста цікавіцца гісторыяй беларускай вёскі, запрашаюць на прэзентацыі. Іх дакладны час будзе вызначаны неўзабаве.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя