Пабачыў свет чарговы нумар альманаху „Новы Замак”

Пабачыў свет чарговы нумар альманаху „Новы Замак”


Новы нумар гадавіка, літаратурнага альманаху „Новы Замак” пабачыў свет.

Са сваімі новымі літаратурнымі творамі знаёмяць вядомыя пісьменнікі і паэты – сябры гарадзенскай абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Галоўны рэдактар альманаху Янка Трацяк перакананы, што гэты нумар задаволіць густы аматараў мастацкага слова ў шырокім спектры жанраў.

– Новая вокладка ў нас гаворыць, што Нёман аб’ядноўвае ўсю Гарадзеншчыну і такой стужкай яднае ўсіх пад адной вокладкай. А помнік – гэта помнік Льву Сапегу, таму што гэта была галоўная падзея года – адкрыццё помніка ў Слоніме, і мы гэта зафіксавалі на вокладцы. Ён быў адкрыты ў Дзень пісьменства. Таму нейкае дачыненне мае да літаратурнага працэсу.

У нумары „Новага Замку” прадстаўлены празаікі і паэты Наваградку, Слоніма, Ліды, Шчучына і Гарадзеншчыны. Але пакуль што ў альманаху прэзентавана не ўся Гарадзеншчына паводле геаграфіі. Кажа Янка Трацяк:

– А астатнія рэгіёны ў нас пакуль што не кранутыя – Воранава, Ашмяншчына, Смаргоншчына, Астравеччына. Чаму? Бо няма асобаў. Як бы творчыя людзі можа там і ёсць, але неяк так атрымалася, ад першага нават нумару, з імі ніхто кантакты не наладжваў. Зразумела, што гэта і наша недапрацоўка, ехаць трэба было туды. Напрыклад, Жамойцін друкаваўся ў першых нумарах, зараз не друкуецца. Чаму не друкуецца? Таму што, відаць, ніхто да яго не звярнуўся.

Пакуль не вызначаны дакладны час і дзень правядзення прэзентацыі альманаха. Але вядома, што дакладна адбудзецца ў гарадзенскім „Цэнтры гарадскога жыцьця” ў сакавіку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя