Алесь Краўцэвіч: Ствараю жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх

Алесь Краўцэвіч: Ствараю жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх


Гісторык, прафесар гісторыі Алесь Краўцэвіч прадставіў для амаль паўсотні слухачоў “Мовы Нанова” ў Гародні свой жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх.

На думку аўтара, гэтыя працы па гісторыі ВКЛ пісаліся з цяжкасцямі:

– Самая галоўная цяжкасць – гэта цяжкасць змагання аўтара з тэкстам. Таму што, каб пісаць нейкую рэч, трэба мець эмацыйныя адносіны да гэтай рэчы: захапленне, злосць… Дарэчы, самае простае – выклікаць злосць. Тады пра гэта пішацца. А каб эмацыйныя адносіны займець, трэба глыбока ў тэму ўвайсці. Яшчэ адна праблема – гэта, канешне, недахоп крыніцаў менавіта па сярэднявеччы, па біяграфіях вялікіх князёў літоўскіх.

Па словах Алеся Краўцэвіча, зараз ён рыхтуе да выдання новы твор:

– Кніга пра Альгерда і Кейстута, называецца „Дзяржава волатаў”. Чарговая па храналогіі і даведзена да смерці вялікага князя Альгерда. І зараз будзе рыхтавацца, канешне, працяг – Кейстут, Ягайла, Вітаўт і так далей, пакуль хопіць сілаў.

Кнігі Алеся Краўцэвіча яшчэ можна набыць у кнігарнях не толькі ў Гародні, але і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама і ў незалежных распаўсюднікаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя