|
|
У Гародні – вялікі фэст беларускай кнігі Pradmova. Ужо адбылася частка, якая была прысвечана літаратуры для дзетак.
Першым выступоўцам быў пісьменнік Аляксей Шэін, які гэтым разам выступіў у ролі аднаго з рэдактараў дзіцячых часопісаў «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!»
– Дзеці вельмі адкрытыя на гэтыя новыя беларускамоўныя недзяржаўныя часопісы. Гэта першая спроба такая ў Беларусі выдаць сваімі сіламі часопісы для дзяцей па-беларуску. І відаць, што дзеці, сапраўды, добра рэагуюць. Дзеці гатовыя чытаць па-беларуску гісторыі ў такім сучасным афармленні з коміксамі, з дэтэктыўнымі апавяданнямі, загадкамі рознымі.
Ганна Янкута выступіла на фэсце з арыгінальнымі і перакладнымі кнігамі для дзяцей:
– Гэта кніга пра Менск у асноўным, пра Беларусь, пра ката, які жыве ў Менску. Здараюцца нейкія прыгоды ў адной з лакацыяў, і вось ён разам з сябрамі праводзіць такое міні-раследаванне. Там трошкі ёсць містыкі, трошкі рознага. Гэтая кніжка выклікала цікавасць у чытачоў і, безумоўна, калі мы выдавалі першую, мы абяцалі, што гэта будзе нешта накшталт серыі. Літаральна пару дзён таму выйшаў працяг гэтай кнігі, ужо іншыя прыгоды, але з тымі самымі героямі, якія жывуць у тым жа самым месцы. Называецца «Зніклы мышамабіль».
Цягам дня у Гародні выступяць вядомыя пісьменнікі і паэты, сярод якіх Уладзімір Арлоў і Ганна Севярынец, Аляксандр Фядута і Ілля Сін.
***
Вялікі фэст інтэлектуальнай кнігі Pradmova адбываецца ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.
Распавядае адзін з вядоўцаў фэсту Андрэй Хадановіч:
– Сярод гасцей – Уладзімір Арлоў, які заўсёды жаданы госць, гарадзенец, які мае заўсёдны сантымент, інтэлектуал Аляксандр Фядута, цэлы дэсант маладых класных паэтаў і паэтак. Яны прывезлі і паказваюць свае кніжкі. Марыйка Мартысевіч з «Сарматыяй», Ігар Кулікоў з «Храмам ракі». Зусім прэм’ера практычна – Артур Камароўскі прывёз сваю кнігу «Вада пачынае жыць».
Увечары адбудзецца паэтычна-музычны ДЖЭМ.на якім выступяць музыкі Уладзь Лянкевіч і Эрык Арлоў-Шымкус.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча