|
|
Страчаныя кнігі будуць вяртацца ў факсімільным выглядзе
Паводле дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Рамана Матульскага, перавыданні будуць максімальна набліжаныя да арыгіналу. На жаль, як кажа дырэктар, гэта адзінае выйсце - большасць кніжных помнікаў знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Нешта ўдаецца набыць на аўкцыёнах, але гэта адзінкавыя выпадкі.
Раман Матульскі:
- Мы пайшлі яшчэ адной дарогай – гэта факсімільнае ўзнаўленне. Калі мы не можам вярнуць арыгінал, то мы тады спрабуем вярнуць 100-працэнтовую копію гэтай кнігі. Я вельмі ўсцешаны, таму што мы маем ужо, напрыклад, Слуцкае евангелле, якое ўжо перавыдадзена, таксама Жыціе Еўфрасінні Полацкай. Безумоўна, гэта вымагае фінансаў і не малых, таму што, калі мы вяртаем тое ж Полацкае евангелле, то зразумела, што яго трэба перавыдаваць не на газетнай паперы і нават не на самай лепшай сучаснай паперы. Яго трэба перавыдаваць так, каб усё ж такі адчуваўся дух гэтага часу.
Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша паведаміў Рацыі, што ва ўстанове створаны рэестр, які сістэмазываў гэтую справу. Дагэтуль факсіміле выдавалася несістэмна, з нейкай нагоды і г.д.
- У выніку стварылі гэты рэестр. Ён даволі аб’ёмны, налічвае шмат пазіцый. Прадумаваўся з такім разлікам, каб адпавядаць фактычна любому запатрабаванню.
Кіраўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі шукае інвестараў дзеля факсімільных выданняў, бо справа гэтая нетанная. Акрамя таго, паводле Алеся Сушы, бібліятэка актыўна супрацуе на гэтым полі з калегамі з Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск