Распачаўся конкурс "Прэс-фота Беларусі — 2013"


Да ўдзелу запрашаюцца прафесійныя фотажурналісты, а таксама фатографы, якія ў сваіх праектах уздымаюць сацыяльна значныя тэмы.

На конкурс могуць падавацца фотаздымкі, апублікаваныя і не апублікаваныя ў прэсе.

Пераможцы будуць вызначаныя ў намінацыях "Навіны", "Штодзённае жыццё", "Рэпартажны партрэт", "Пастановачны партрэт", "Спорт", "Мастацтва і забавы", "Прырода", "Традыцыі" і "Мабілаграфія".

"Мабілаграфія" — новая рубрыка конкурсу. Цяпер можна дасылаць адзінкавыя здымкі ці серыі, зробленыя на мабільныя прылады і апрацаваныя пры дапамозе Instagram, Hipstamatic ды іншых падобных праграмаў, якія ўжываюць да фатаграфіяў разнастайныя фільтры, эфекты і рамкі.

Конкурс "Прэс-фота Беларусі" праводзіцца ўжо чацвёрты раз. У 2012 годзе арганізатары атрымалі рэкордную колькасць здымкаў — 2500 ад 90 аўтараў, фатографаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

За час існавання конкурсу здымкі пераможцаў дэманстраваліся ў Мінску, Гродне, Брэсце, на фестывалях у "Шаблях", а таксама за мяжой — у Польшчы, Украіне, Расіі, Грузіі, Літве.

Па выніках конкурсу выдаецца альбом здымкаў пераможцаў "Прэс-фота Беларусі". Ён ужо другі год уваходзіць у дзясятку найлепшых кніг паводле версіі кнігарні "ЛогвінаЎ".

Конкурсныя здымкі прымаюцца да 28 лютага. Больш інфармацыі, а таксама ўмовы ўдзелу можна знайсці на сайце pressphoto.by.

Кантактная асоба:
Вадзім Заміроўскі, +37529/ 353 54 52
info@pressphoto.by

Крыніца: Эўрапейскае Радыё для Беларусі