|
|
У Гайнаўцы прайшоў V Марш памяці „выклятых жаўнераў”, які зладзілі крайне правыя сілы.
Як галоўных герояў яны ўслаўляюць капітана Рамуальда Райса “Бурага” і маёра Зыгмунта Шэндзеляжа “Лупашку”, адказных за карныя аперацыі ў беларускіх вёсках. “Калі стану прэзідэнтам Польшчы, прыеду сюды, і ўшаную ахвяр Рамуальда Райса”, – такое публічнае абяцанне ў Гайнаўцы даў кандыдат на пасаду прэзідэнта ад аб’яднаных левых сілаў, еўрадэпутат Роберт Бедрань.
На думку палітыка, прэзідэнт павінен стаяць на баку пакрыўджаных, а не злачынцаў:
– І, на жаль, напэўна, гэта ўпершыню польскі прэзідэнт зробіць такі жэст, каб ушанаваць ахвяр і паказаць, як ён будуе масты, а не сцены. Прэзідэнт Польшчы сёння мусіць стаяць у гэтым месцы і ўсе людзі добрай волі сёння мусяць стаць на баку 79 ахвяр, якія загінулі ад рук ката, якім быў Рамуальд Райс “Буры”. Трэба такія ўчынкі асуджаць.
Роберт Бедрань прысутнічаў у нядзелю, 23 лютага, на ўшанаванні памяці ахвяр рэйду “Бурага”. На грамадскім мерапрыемстве “Вечная памяць” таксама прысутнічалі дэпутаты польскага Сейму ад левых сілаў – Адрыян Зандберг і Павел Крутуль.
Былі і прадстаўнікі Грамадзянскай кааліцыі – Яўген Чыквін і Роберт Тышкевіч.
Валя Лаеўская, Беларуская Радыё Рацыя