ЕР «Kalyna» ад фольк-гурта Vuraj

ЕР «Kalyna» ад фольк-гурта Vuraj


Вядомы беларускі фольк-гурт Vuraj прадставіў сваю новую работу — ЕР «Kalyna».

У новую плытку ўвайшлі песні, якія музыкі адшукалі падчас экспедыцыі па Берасцейшчыне. На ЕР чатыры кампазіцыі пры дзвюх песнях. Паколькі акрамя варыянтаў у апрацоўцы самога гурта на дыск запісаныя і аўтэнтычныя спевы.

Падрабязней пра новую кружэлку гаворыць лідар і вакаліст гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў:

– У альбоме дзве асноўныя песні – гэта “Юр’я” з Пружанскага раёну, песня, якую мы запісалі ад калектыву “Бабіна лета”. І таксама калектыў удзельнічаў у запісе, можна пачуць, як з намі спалучаецца аўтэнтычны спеў. Спявае калектыў і мы разам з гуртом Vuraj. Другі трэк – гэта песня “Калына”, запісалі яе ў Драгічынскім раёне ад нашых, ужо можна казаць, блізкіх сяброў з вёскі Вулька. На альбоме можна пачуць і аўтэнтычнае выкананне гэтых твораў.

На запіс адной з песень запрасілі вакалістку полацкага гурту «Варган» Ганну Лутаву, якая заспявала з Сержуком Доўгушавым у дуэце. У другой кампазіцыі разам з Vuraj гучаць галасы спявачак з народнага калектыву «Бабіна Лета».

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя